Апазіцыя наведала пацярпелыя ад чарнобыльскай аварыі раёны


У паездку па Магілёўшчыне адправіліся прадстаўнікі БНФ, АГП і БХД.

Праз Чарнобыль у Беларусі адныя паселішчы перасталі існаваць, у іншых хоць і жывуць людзі, жыццё ўсцяж у небяспецы.

Чэрыкаўскі раён – адзін з найбольш пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Цяпер на месцы больш як 20 выселеных і знішчаных вёсак – курганы і пусткі. У Чэрыкаве ж пра іх нагадвае ўзведзены мемарыял. Сёння яго наведалі прадстаўнікі апазіцыі.

«Гэтай паездкай мы аддаем даніну памяці тым людзям, якія пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Узгадваем іх, успамінаем тыя паселішчы, пасёлкі, вёскі, якія былі знішчаныя ў выніку гэтай катастрофы», – кажа Віталь Макаранка з БНФ.

За 10 км ад мемарыялу калісьці была вёска Вепрын, у якой свае дамы і надзелы мусілі пакінуць 386 сем’яў.

«Тут быў дастаткова вялікі пасёлак, жылі людзі. А цяпер вісіць знак, што ўваход забаронены, – кажа Уладзімір Шанцаў з АГП. – А чаму тут людзі жылі? Таму што ўлада ім казала, што ўсё добра, калі нават усё было вельмі кепска».

Грамадскія актывісты, як, зрэшты, і незалежныя адмыслоўцы, перакананыя, што і цяперашнія ўлады хаваюць праўду ад жыхароў.

«Улады робяць усё, каб людзі забыліся пра праблему Чарнобыля, пра праблему наступстваў і на сённяшні момант, калі мы сюды прыязджаем, мы бачым, што людзі звыкліся з гэтым», – кажа старшыня БНФ Аляксей Янукевіч.

Пацвярджаюць гэта і мясцовыя жыхары. «Людзі не адчуваюць ніякай небяспекі, прытупілася іх адчуванне і паводзяць сябе свабодна і вольна. Калі пачынаецца час дароў лесу – грыбы, ягады – яны ідуць, збіраюць, ядуць», – кажа чэрыкаўскі грамадскі актывіст Сямён Панізоўцаў.

Не ведаючы таго, спажываюць харчы з забруджаных тэрыторыяў і іншыя жыхары нашай краіны, што неаднаразова выкрывалі незалежныя журналісцкія расследаванні, у тым ліку і праведзеныя нашым тэлеканалам. Больш за тое, імаверна, новая праблема паўстае на поўначы краіны – там з парушэннямі ды шматлікімі інцыдэнтамі будуецца Астравецкая АЭС.

Вольга Старасціна