Аб'ектыў 17.01.2017 Беспрацоўны: «Грамадзяне для вас быдла, з якога трэба толькі падаткі драць?»


«Я не буду маўчаць. Я буду пра гэта размаўляць. І я думаю, што я знайду падтрыманне ў нашага народу. Таму што, я ўпэўненая, што не адная такая ў нас у Рэспубліцы Беларусь».

Маці, якая самастойна выхоўвае дваіх дзяцей. Дачка, якая апякуецца маці-інвалідам. Грамадзянка, якая мае працоўны стаж з 89-га года. Падаткаплатніца, якая спраўна сплочвае дзяржаве адсоткі за здачу ў наём кватэры. Жыхарка сталіцы Жанна Гаўрыловіч апынулася сярод тых чатырохсот тысяч беларусаў, якія трапілі ў спіс дармаедаў і атрымалі «лісты шчасця» ад падатковай.

«Мы ў дзяржавы нічога не просім. Мы сплачваем падатак на здачу кватэры. У нас усё легальна. Мы цалкам можам існаваць, незалежна ад дзяржаўных датацыяў на апякунства – мы не просім. Але мы просім – пакіньце нас у спакоі», – кажа спадарыня Гаўрыловіч.

Параілі здаць маці ў інтэрнат ды ісці працаваць

Паводле чыноўнікаў, падатак на дармаедства за 2015-ты год мае сплаціць сын жанчыны, які ў той час быў студэнтам дзённага аддзялення. Самая ж спадарыня Жанна быццам вінная дзяржаве Br 162 – за тое, што не працуе, бо даглядае хворую маці.

«Мне патлумачылі, што, калі я не ў стане працаваць і даглядаць маці, адначасова быць апекуном, то я павінна здаць сваю маці ў дом-інтэрнат і ісці працаваць», – распавяла жанчына.

Як далей жыць у гэтак званай сацыяльна арыентаванай дзяржаве, мянчанка не разумее. Жанна гатовая прасіць прытулак за мяжою.

Незадаволенасць не адпаведным Канстытуцыі дэкрэтам, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам, расце.

Пратэсты збольшага адбываюцца віртуальна

«Жабрацкі народ, няма працы, жабрацкія заробкі, і вы яшчэ бярэце падатак на дармаедства? Увогуле а…лі. Таму, улады, ідзіце на… Падатковая Віцебскай вобласці, ідзіце на…».

Відэа ў сеціве з гэткім «прывітаннем для ўлады» апублікаваў маладзён, які апошнія гады не жыве ў Беларусі, але таксама атрымаў ліст ад падатковай. На гэтым жа відэа мужчына, які атрымаў «ліст шчасця», разам са сведкам прыйшоў у Гомельскую падатковую пісаць заяву, што мае на ўтрыманні малое дзіця. У адказ на цалкам законнае вядзенне відэазапісу маладзёны сутыкнуліся з татальным няведаннем закону тымі, хто, фактычна, стаіць на яго варце.

Як законна супрацьстаяць паборам?

Апеляваць да сваіх правоў заклікае і прапаноўвае падтрыманне цэнтр «Прававая дапамога насельніцтву».

«Ёсць закон аб звароце грамадзянаў і Канстытуцыя, якія дазваляюць чалавеку абскардзіць любое дзеянне службовай асобы. Там мы мы знайшлі такую форму – праз Канстытуцыю і закон аб звароце грамадзянаў. Нашая мэта – пачынаючы абскарджваць рашэнне раённай падатковай дайсці да міністра па падатках. Калі гэта не дапаможа, далей наш алгарытм – гэта суд», – патлумачыў праваабаронца Алег Волчак.

З адпаведнаю прапановаю выступіў і рух «За Свабоду!», які абвесціў кампанію падтрымання гэтак званых дармаедаў. Юрысты ініцыятывы гатовыя прайсці з ахвочымі ўсе інстанцыі, каб адстаяць права беларусаў не быць рабамі.

Лола Бурыева, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары