Апазіцыя аб'ядналася, каб вывесці народ на Першамай


Грамадскія актывісты плануюць працяг пратэставай вясны

Сёння заяўку на правядзенне акцыі першага траўня ў Менску падалі ў сталічны выканкам. Паводле арганізатара, якім афіцыйна выступіў Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, сёлетні Першамай пачнецца на пляцоўцы каля Акадэміі навук а 16-й гадзіне, пасля чаго ўдзельнікі пройдуць маршам да парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор.

Акцыю першага траўня падтрымалі большасць апазіцыйных рухаў і партыяў

«Беспрацоўе, маленькія заробкі – магчымасцяў у людзей выжываць становіцца ўсё менш і менш. І таму безумоўна, мы не маглі не падтрымаць ідэю правядзення акцыі», – патлумачыў Дзяніс Садоўскі з партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

«Чарнобыльскі шлях» забароняць?

Арганізатары сёлетняга «Чарнобыльскага шляху» не дачакаліся адказу ад менскіх уладаў на заяўку, якую падалі на мінулым тыдні. І сёння абвесцілі канчатковыя планы на 26-га красавіка. Збор а 18-ай гадзіне каля будынку Опернага тэатру ў Менску. Там пройдзе мітынг, а пасля шэсце па вуліцы Багдановіча да Чарнобыльскай капліцы каля плошчы Бангалор, дзе адбудзецца ўскладанне кветак ды запальванне знічоў у памяць аб ахвярах трагедыі.

«Мы створым групы парадку, якія будуць супрацьдзейнічаць правакацыям. Але адначасова разлічваем на тое, што і еўрапейскія партнёры, якія працягваюць размаўляць з Лукашэнкам абразумяць яго, і сілавікі, у якіх павінна застацца яшчэ сумленне і мазгі, не пойдуць на брутальны разгон акцыі», – дзеліцца Павел Севярынец з БХД.

Рэгіёны выйдуць на «шлях»

Галоўныя лозунгі сёлетняй акцыі: «Не» – будаўніцтву Астравецкай АЭС!» а таксама «Не» – палітычнаму Чарнобылю!».

Заяўкі на правядзенне акцыяў прымеркаваных да Чарнобыльскай трагедыі ды Першамаю падалі і актывісты ў Баранавічах, Гомлі ды Берасці. А напярэдадні гэткую просьбу да ўладаў склалі ў Горадні.

Юрый Салодкі «Белсат»