Антыкарупцыйная камісія Менгарвыканкаму імітавала «ператрахванне» дзяржаўных прадпрыемстваў


Не зарэгістраваныя належным чынам пазыкі для працаўнікоў, выбарачнае штрафаванне і нядбайнае гаспадаранне сродкамі. Гэткія парушэнні выявіла Генеральная пракуратура ва ўправе капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкаму. Па выніках праверкі дзяржаўнай установе даручылі выправіць парушэнні.

Праверка адбылася на фоне маштабнай антыкарупцыйнай кампаніі

Пасля шырока асветленай дзяржаўнымі медыямі кампаніі ў снежні, паводле абвінавачання ў хабарніцтве, за кратамі апынуліся службовыя асобы найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў – МАЗу, БелАЗу, МТЗ ды «Гомсельмашу», а таксама Нацыянальнага банку, пенсійнага фонду і Нацыянальнай службы электронных плацяжоў сістэмы «Разлік».

«Ды, ніхто ня будзе, каму гэта трэба? Хто будзе змагацца? Яны ля кармушкі ўсе сядзяць?»

«Раздача пасадаў каму трэба – вось на гэтым узроўні карупцыя пачынаецца. А далей ужо там усё павязана».

– выказваюцца жыхары Менску.

Антыкарупцыйнае «змаганне» Лукашэнкі цягнецца 22 гады

Змаганне з карупцыяй было галоўным лозунгам Аляксандра Лукашэнкі ў часе ягонай першай прэзідэнцкай кампаніі 1994-га года. З 2008 года, з пачаткам чарады эканамічных крызісаў у Беларусі, кіраўнік краіны зноў вярнуўся да жорсткай антыкарупцыйнай рыторыкі.

«Недалёка ад іх сышоў і Волкаў – намеснік старшыні канцэрну Белнафтахім, затрыманы паля атрымання чарговай часткі хабару. Арыштаваныя дзве кватэры ў Менску, гараж, дарагія аўтамабілі, 100 тысяч долараў. Суд разбярэцца, вядома ж, адкуль гэтая маёмасць у звычайнага простага чыноўніка», – без асаблівага здіўлення казаў кіраўнік Беларусі.

Караюць строга, толькі выпускаюць хутка

Згаданага чыноўніка суд тады пакараў васьмю гадамі калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Але летась – менш, чым праз два гады – яго памілавалі, і ён зноў аказаўся на кіроўнай пасадзе ў той жа арганізацыі – ачоліў дырэкцыю будаўніцтва Наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу.

Першы беларускі змагар з карупцыяй: «Поле падзеленае на дзялянкі»

Наколькі такія метады дапамаглі выкараніць карупцыю за апошнія 20 гадоў, мы спыталіся ў былога дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі Сяргея Антончыка – аўтар знанай антыкарупцыйнай справаздачы парламенцкай камісіі, прэзентаванай у снежні 1994 года.

«Татальная карупцыя, усё карумпаванае поле падзеленае на дзялянкі. Кожная дзялянка суадносіцца з яго пасадай. Напрыклад, кіраўнік гораду мае права браць на ўзроўні гораду, кіраўнік вобласці – на ўзроўні вобласці, прэмʼер, віцэ-прэмʼер маюць магчымасць браць са сваёй дзялянкі», – зазначае спадар Антончык.

Ёсць толькі адзін эфектыўны спосаб змагання з карупцыяй

Гэта – адкрытасць дзяржаўных выдаткаў для грамадскага кантролю. Між тым у Сусветным індэксе адкрытасці ўраду, са ста двух месцаў Беларусь дзеліць 78-е з Кеніяй, Нігерыяй, Іярданіяй і Манголіяй. А ў падкатэгорыі «ўдзел грамадзянаў у працы дзяржаўных структураў» нашая краіна займае дзявятае месца знізу.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: Прэс-служба КГБ