Аб'ектыў 05.04.2017 Амерыканцы думаюць, як пакараць Лукашэнку за рэпрэсіі


Спыненне рэпрэсіяў, вызваленне ўсіх затрыманых, скасаванне дэкрэту № 3, права на мірны пратэст, новы эканамічны курс ды змена выбарчага заканадаўства. Прадстаўнікі беларускай апазіцыі сустрэліся з дэлегацыяй Еўразвязу ды распавялі пра свае патрабаванні да ўладаў Беларусі.

«Я нават прывёў некалькі прыкладаў, калі сродкі ЕЗ выдаюцца на падтрымку сельскіх саветаў у нас, у Беларусі. То бок, па сутнасці, падтрымліваецца дзейсны выканаўчы апарат, бо ў нас няма свабодных выбараў. І выдаюцца гранты фэйкавым арганізацыям», – тлумачыць сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Апроч апазіцыі, еўрапейская дэлегацыя сустрэлася і з прадстаўнікамі ўраду

Па выніках свайго візіту госці з Еўразвязу заявілі, што дзеянні ўладаў Беларусі супярэчаць заяўленай палітыцы дэмакратызацыі.

«Пытанне спынення рэпрэсіяў і вызвалення людзей ніхто не абʼедзе. Калі Лукашэнка не пойдзе тут на нейкія саступкі, то як мінімум пытанне аб увядзенні візавых кропкавых і фінансавых санкцыяў да тых, хто распачаў гэтыя рэпрэсіі, яны мусяць разглядаць», – зазначыў Анатоль Лябедзька, старшыня АГП.

Пытанне санкцыяў уздымалі напярэдадні і ў Вашынгтоне

Падчас канферэнцыі, прысвечанай 25-годдзю ўсталявання дыпламатычных дачыненняў паміж ЗША і Беларуссю, старэйшы дырэктар у правах чалавека і дэмакратыі Інстытуту Маккейна Дэйвід Крэймэр прапанаваў пазбавіць Менск магчымасці правядзення сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, запланаванай на ліпень, а таксама разглядаць МВФ як сродак ціску на Лукашэнку, які ўжо даўно чакае фінансавага падтрымання ад гэтай міжнароднай фінансавай структуры.

«Канешне, ад пазіцыі ЗША шмат чаго залежыць, ці будзе такая прапанова падтрыманая, аднак у першую чаргу гэта будзе залежыць ад эканамічных рэформаў, якіх патрабуе МВФ», – упэўнены Валеры Кавалеўскі, былы працаўнік МЗС Беларусі.

Чаго хочуць амерыканскія сенатары ад Лукашэнкі?

Правесці рэформы палітычныя, выпусціць зняволеных ды захаваць суверынетэт, у першую чаргу ад умяшання Расеі, Лукашэнку заклікалі і сенатары ЗША. Акурат днямі стала вядома, што кіраўнік Беларусі не паляціць у Злучаныя Штаты з нагоды святкавання 100-годдзя ўступлення краіны ў Першую сусветную вайну – замест яго ў Вашынгтон накіруецца намеснік міністра замежных справаў.

Паводле былога беларускага дыпламата Валера Кавалеўскага, гэткая ракіроўка азначае, што сённяшнія дачыненні паміж Беларуссю і ЗША не спрыяюць таму, каб праводзіць сустрэчы паміж урадамі абедзвюх краінаў на высокім узроўні.

«Дамагчыся таго, каб Лукашэнка сустрэўся з кімсьці з кіраўніцтва краіны, было б вельмі складана. А ехаць на пратакольнае мерапрыемства значнага сэнсу б не мела», – распавядае спадар Кавалеўскі.

Каб паўплываць на Лукашэнку ды паспрыяць хуткаму вызваленню ўсіх зняволеных, беларусы ЗША, якія ў мінулыя выходныя правялі акцыю салідарнасці каля Белага дому, звярнуліся да ўраду Злучаных Штатаў. У звароце, сярод іншага, адзначаецца і факт ціску на «Белсат» ды вобшукі, якія беларускія праваахоўнікі правялі 31 сакавіка на офісах нашага тэлеканалу.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Pool / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары