Аб'ектыў 21.10.2017 Амерыканскі журналіст: украінскія следчыя несур’ёзна ставяцца да расследавання забойства Шарамета


«У правасудзі адмоўлена: Украіна не прасуналася ў расследаванні забойства Паўла Шарамета». З такою лекцыяй у Менску на запрашэнне прэс-клубу «Беларусь» выступіў карэспандэнт украінскай службы радыё «Свабода» Крыстафэр Мілер. Чаму вінаватых у рэзанансавым забойстве дагэтуль не знайшлі?

Гэтыя шакавальныя кадры абышлі ўвесь свет. Удзень у цэнтры еўрапейскай сталіцы ў аўтамабілі узарвалі Паўла Шарамета – вядомага беларускага, расейскага ды ўкраінскага журналіста. Былі камеры відэаназірання, былі гучныя заявы, але забойцаў вось ужо больш як год пасля трагедыі не знайшлі.

«Са свайго боку, я за тое, каб справа была расследавана. Я ўжо сказаў, што гэта справа гонару», – заявіў кіраўнік Украіны Пятро Парашэнка.

Аднак маці загінулага, якая двойчы сустракалася з украінскім прэзідэнтам, усё менш верыць у выніковасць расследавання.

«Надзеі ў мяне няма. Яны казалі, што гэта справа іх гонару. А калі яны не могуць расследаваць гэтую справу, то яны проста не адбыліся як палітыкі», – кажа Людміла Шарамет.

Між тым, амерыканскі журналіст Крыстафэр Мілер, які выступіў са сваім дакладам у Менску, адзначае, што ва Украіне вельмі складана весці журналісцкія расследаванні. Афіцыйнае следства ж вядуць розныя органы, якія неахвотна дзеляцца з прэсаю інфармацыяй ды і наагул ня надта супрацоўнічаюць міжсобку.

«У мяне няма адчування, што ўкраінскія следчыя сур’ёзна ставяцца да расследавання гэтага злачынства. Мне падаецца, значна больш інфармацыі прыйшло ад журналісцкай дзейнасці, чымся ў выніку афіцыйнага расследавання», – дзеліца развагамі Крыстафэр Мілер.

Паводле журналіста, магчыма, нехта звехру не надта хоча, каб высветлілі сапраўдную прычыну і матывы забойства Паўла Шарамета. Таксама ўжо цяпер можна сцвярджаць, што гэта быў нейкі сігнал усёй журналісцкай супольнасці ды спроба запалохаць тых, хто хоча выконваць сваю працу прафесійна, не азіраючыся на чыноўнікаў.

«Не адпрацоўваюцца галоўныя версіі, у тым ліку беларускі след, і хто галоўную выгаду атрымаў ад гэтага злачынства», – мяркуе былы дэпутат Вярхоўнага Савету Павел Знавец.

Яшчэ ў траўні гэтага года журналісты тэлеканалу «Громадьске» правялі ўласнае расследаванне. Аўтары фільму сцвердзілі, што за Паўлам Шараметам маглі сачыць украінскія спецслужбы, а ў тую ноч, калі пад ягоную машыну заклалі выбухоўку, каля ягонага дому дзяжурыў ці то дзейны, ці то былы працаўнік Службы бяспекі Украіны. З таго сюжэту мінула яшчэ 5 месяцаў, а справа так і не рушылася з месца.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары