АМАП зладзіў «маскі-шоу» у кватэры блогера


Сапраўднае «маскі-шоу» адбылося ў кватэры вядомага берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна. Міліцыянты ўварваліся ў ягоную кватэру, зладзілі ператрус, затрымалі і праз тры гадзіны… адпусцілі. Чаму ўлады не спыняюць пераследу іншадумцаў, і як можна растлумачыць празмерную цікаўнасць менавіта да блогераў ды журналістаў?

Бралі як сапраўднага злачынцу. Берасцейскія міліцыянты пры падтрыманні амапаўцаў у масках выбілі дзверы ды паклалі тварам у падлогу вядомага відэаблогера Сяргея Пятрухіна. Пасля чаго ў ягонай хаце распачаўся ператрус.

Сяргей Пятрухін, відэаблогер распавядае, як усё было:

«Я безагаворачна ім падпарадкоўваўся, бо я сабе не вораг. Там, як мае быць, мяне прынізілі. Надзелі кайданкі, паставілі на калені, старэйшы пасядзеў у мяне на спіне. Яны ўсе былі ў масках. Я думаю, гэта дастаўляе ім задавальненне, кайданкі вельмі моцна надзелі».

Паводле Сяргея Пятрухіна, у Ленінскі РАУС Берасця яго везлі ў кайданках, паклаўшы на падлогу. Там узялі тлумачэнні і ўжо менш як праз чатыры гадзіны… адпусцілі.

«Яны хочуць мяне запалохаць і паламаць, я думаю. Відаць, я кагосьці вельмі моцна закрануў. Бо гэта беспрэцэдэнтна», – працягвае Сяргей Пятрухін.

Ператрус праводзілі ў межах распачатых супраць Пятрухіна дзвюх крымінальных справаў – за абразу і паклёп на міліцыянта. Як і падчас папярэдняга вобшуку, у яго сканфіскавалі камп’ютар, ноўтбук і тэлефон. Прынтар, фотабліскавіцу ды іншую дробную тэхніку арыштавалі «у лік будучых пазоваў» ад міліцыянта Сяргея Ігнацюка, які напісаў заяву пра паклёп. Да таго ж блогера чакае і псіхіятрычная экспертыза.

«Я думаю, што працэсы ціску на журналістаў і блогераў будуць ісці некаторы час паралельна ці абʼядноўвацца, аднак, на жаль, я не думаю, што канец блізкі», – адзначае Павел Сапелка з праваабарончага цэнтру «Вясна».

Бо ціснуць ёсць за што. Сяргей Пятрухін як блогер звяртае ўвагу пераважна на грамадскія праблемы, карупцыю ды міліцэйскае бязмежжа. Ён шырока асвятляў леташнія пратэсты недармаедаў і працягвае выступаць супраць будоўлі патэнцыйна небяспечнага акумулятарнага заводу ў Берасці.

«У дачыненні берасцейскіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава ціск не спыняўся ніколі. Ён адбываецца ўвесь час – менавіта праз іхную пазіцыю ды актыўнае асвятленне імі тых парушэнняў, якія адбываюцца», – заўважае берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк.

Але ж ціскам за праўду самой праўды не схаваць, адкрыта паказваюць сваймі дзеяннямі блогеры, працягваючы сваю дзейнасць.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu