Аб'ектыў 11.03.2018 Аляксандра Сасновіч – у 1/16 турніру ў Індыян-Ўэлзе


Тэніс

Аляксандра Сасновіч – у трэцім коле буйнога тэніснага турніру ў амерыканскім Індыян-Ўэлзе. У 1/32-ой фіналу беларуска, 49-ая ў рэйтынгу WTA, даволі лёгка – 6:2, 6:4 – разабралася з эстонкай Анэт Контавэйт, якая ў планетарным спісе – на 28-ым радку. Далей Сасновіч чакае другая ракетка свету Каралінэ Вазняцкі. Сёння ўвечары яшчэ дзве нашыя суайчынніцы згуляюць свае матчы ў турніры: Арына Сабаленка ў 1/16-ай пазмагаецца з чэшкаю Маркетаю Вондраўшавай, а Вікторыя Азаранка на стадыі 1/32-ой фіналу сустрэнецца з гаспадыняю кортаў – амерыканкаю Слоўн Стывэнз.

Сенсацыю са знакам мінус у мужчынскім адзіночным разрадзе гэтых спаборніцтваў прынёс Грыгор Дымітраў. Балгарын, чацвёрты ў рэйтынгу ATP, нечакана аступіўся – 6:7, 6:4, 3:6 – аб іспанца Фэрнанда Вэрдаска, які ў такім спісе толькі на 39-ым радку. Тэнісісты правялі на корце дзве гадзіны і 6 хвілінаў, а за гэты час Фэрнанда 12 разоў падаў навылет, дапусціў 7 падвойных памылак ды выканаў 3 брэйкі. Далей Вэрдаска згуляе амерыканцам Тэйларам Фрыцам. Адзначу, што двубоі з удзелам нашай Азаранкі і Стывэнз, а таксама Фэдэрэра і Дэльбоніса ды Макаравай і КЕрбэр былІ перанесеныя праз дождж.

Біятлон

Дзвюма гонкамі з масавага старту скончыўся сёння сёмы этап па біятлоне ў фінскім Контыёлахці. Сярод прыгожай паловы золата даволі нечакана заваявала немка Ванэса Гінц, далей – італьянка Ліза Вітоццы ды францужанка Анаіс Шэвалье. Трыа беларусак размясцілася наступным чынам: Ірына Крыўко – нуль хібаў, 8-ая, Надзея Скардзіна – адзін недакладны стрэл, 9-ая, Дар’я Домрачава – 5 хібаў, яна замкнула дзясятку. У мужчынскім масавым старце перамог аўстрыец Юльян Эбэргард, срэбра – у француза Мартэна Фуркада, бронза дасталася расяяніну Антону Шыпуліну. Беларускія біятланісты традыцыйна ў гэтую гонку не адабраліся.

Баскетбол

Менскія «Цмокі» нарэшце перарвалі сваю серыю паразаў у межах гульняў Адзінай лігі ВТБ. Аляксандр Круцікаў і кампанія ўдала з’ездзілі ў госці да пермскай «Пармы», дзе адсвяткавалі вікторыю над супернікам з лікам 88:81. «Цмокам» адступаць ужо было няма куды, бо шэраг прагуляных матчаў паставіў пад пагрозу перспектыву ўдзелу менчукоў у стадыі плэй-оф.

За менскі клуб выдатна матч правёў Крыс Чэраповіч, які не толькі абнавіў асабісты снайперскі рэкорд, запісаўшы ў свой актыў 30 балаў і 7 падбораў. Акрамя таго, ён паўтарыў рэкорд сезону ў лізе з перыметра ў адной гульні, закінуўшы сем трохпунктавых кідкоў. У турнірнай табліцы банкаўскага турніру «Цмокі» ўзняліся на дзясяты радок з 13-ці ўдзельнікаў. Далей іх чакае выпрабаванне ў выглядзе «Авэлліна»: 14-га сакавіка ўдома будзем прымаць італьянцаў у матчы ў адказ 1/8-ай фіналу Кубка Еўропы ФІБА. Першы двубой на паркеце суперніка скончыўся ўнічыю 30:30.

Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko

Глядзі таксама
Каментары