Аляксандр Рыгоравіч Пазняк – кіраўнік Воршы, які мусіць усё змяніць


Калі ў 94-м годзе беларусы абіралі кіраўніка краіны паміж Пазняком і Аляксандрам Рыгоравічам, то Ворша напярэдадні адзінагалосным рашэннем дэпутатаў атрымала новага кіраўніка – Аляксандра Рыгоравіча Пазняка. Для чыноўніка, які дагэтуль працаваў памочнікам прэзідэнта, пасада старшыні аршанскага выканкаму – хутчэй паніжэнне, для аршанскага раёну ж, як мяркуе кіраўнік краіны, – шанец паўстаць з руінаў і попелу.

«Яго рэканструяваць, мадэрнізаваць трэба, а вы чалавек, які пагружаны ў гэта. Гэта вам прэзідэнцкае даручэнне. Без увагі вы там не застанецеся. Я некалькі разоў у год там бываю. Для мяне гэта прынцыповае пытанне», – заявіў Лукашэнка Пазняку.

Усё закруцілася, але не ў той бок

Падобны наказ Лукашэнка тры месяцы таму даваў папярэдняму прызначэнцу на Аршаншчыну – Леаніду Пянькоўскаму. «Вы ведаеце, што там трэба рабіць, пачынайце заварочваць, закручваць, але з сітуацыі якая склалася трэба выходзіць хутчэй», – казаў ён.

Усё і закруцілася, але, выглядае, не ў той бок. Праз лічаныя дні ў Воршы выбухнуў скандал: у дом да новапрызначанага кіраўніка выканкаму ўварваліся сілавікі, бо той не з’яўляўся на працы. Паводле чутак – праз запой, паводле афіцыйнага тлумачэння – з прычыны слабога здароўя.

Хваравітага чыноўніка замяніў чалавек з камсамольскім загартоўваннем

«Няма кадраў. Іх тасуюць туды-сюды. Пазняк жа таксама не новы чалавек з новым бачаннем, свежым. Ён прайшоў пэўную школу чынавенства, за гэты час ён зразумеў сістэму, у якой працаваць. Але наўрад ці за гэты час у яго з’явілася новае бачанне, іныцыятыва. Хутчэй за ўсё гэтыя ініцыятывы сцёрліся. Бо гэтая сістэма не спрыяе ініцыятыўным людзям», – упэўнены журналіст Ігар Казмерчак.

Але можа, паспрыяюць датацыі?

Сваёй малой радзіме кіраўнік краіны абяцае фінансавае падтрыманне для выхаду з глыбокага крызісу.

«Амаль 80 мільёнаў долараў мае быць прызначана на Аршаншчыну, каб узняць яе з руінаў і попелу па ёмістым выразе Лукашэнкі. Яны могуць пайсці праз пясок – інакш кажучы зрабіць выгляд, нейкую бутафорыю», – мяркуе Васіль Бераснеў, прадстаўнік незалежнага прафсаюзу.

Але не бутафорыі ды нават не чыстых ды ўтульных вуліцаў, не паляпшэння інфрастуктуры, не паркаў ці забаўляльных месцаў, а толькі працы ды годных заробкаў жадаюць жыхары Воршы.

«Ворша цяпер костка ў горла і для прэзідэнта»

Ці атрымаецца споўніць спадзяванні аршанцаў дасведчанаму вертыкальніку, былому бізнесоўцу і… беспрацоўнаму? Аляксандр Пазняк, які на пачатку 2000-х паўгода жыў на дапамогу па беспрацоўі, мусіць разумець адчай людзей, якія не могуць пракарміцца.

«Ворша цяпер костка ў горла і для прэзідэнта і для адміністрацыі, Савету Міністраў, што тут вялікія могуць падзеі адбыцца асабліва ўвосень. Цэны за гэты час вырастуць і беспрацоўных стане больш, аршанцы выйдуць на Плошчу!», – даводзіць Васіль Бераснеў.

Праз веснавую Плошчу Лукашэнка зняў Мікалая Лісоўскага, што кіраваў Аршаншчынаю 9 гадоў. Ці атрымаецца ў Пазняка не дапусціць пратэстаў, пабачым праз лічаныя месяцы.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Ігар Мацвееў / TUT.BY