Аляксандр Класкоўскі пра апазіцыю: « Хто ў лес, хто па дровы»


Не прасіў дазволу, а толькі папярэдзіў Менгарвыканкам

Адзін з лідараў беларускай апазіцыі Мікола Статкевіч плануе вывесці на вуліцы людзей 1 траўня а 14 гадзіне. Беларускі нацыянальны кангрэс мае намер правесці акцыю ў самым цэнтры сталіцы.

«Давайце прыходзіць на Кастрычніцкую плошчу з боку ГУМа, з аднаго боку. Калі нас не пусцяць, паставяць загародкі – будзе шмат варыянтаў”, – абяцае Статкевіч.

Паводле палітыка, пратэст на Дзень працы мае нагадаць уладам пра жабрацкі стан беларускіх працоўных. Мізэрныя заробкі, а таксама дэкрэт аб дармаедах, які забраў апошнія грошы некаторым маламаёмным, – не могуць не абураць.

1 траўня станецца днём салідарнасці з новымі зняволенымі

«Ключавое слова тут салідарнасць. Нам патрэбная салідарнасць. Калі мы не будзем абараняць адзін другога, мы нічога ад гэтай улады не дабʼемся”, – упэўнены Мікола.

Апазіцыя тут, апазіцыя там

Марш салідарнасці з рэпрэсаванымі плануе правесці 1 траўня і Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў разам з апазіцыйнымі партыямі ды рухамі. У адрозненне ад БНК арганізатары гэтага маршу гатовыя павесці шэсце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Менскія ўлады дазволілі толькі мітынг у парку Дружбы народаў.

Сотні затрыманых і збітых, адміністратыўныя арышты і буйныя штрафы

Як азначаюць эксперты, пакуль пратэставая хваля можа аказацца слабейшая за мінулыя месяцы. Апошнім часам людзі не толькі зазналі міліцэйскі гвалт, але і дзеянне самога дэкрэту «дармаедаў» пакуль прыпыненае.

«Апазіцыі варта прадумаць нейкую іншую тактыку. Таму, што проста падстаўляць людзей пад дручкі ды біцца ў грудзі і казаць, што мы бярэм адказнасць, а потым у выніку месяць народ і надоўга збіваюць пратэстую актыўнасць – гэта лабавая атака, не найлепшая тактыка. Патрэбная нейкая гнуткасць», – даводзіць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Ці такое назіраецца цяпер, незадоўга да чарговых акцыяў?

«Хто ў лес, хто па дровы. Адныя збіраюць там, іншыя там. Адчуваецца, што ідзе канкурэнцыя паміж самымі апазіцыйнымі лідарамі. Гэта ў многіх збівае імпэт. Думка такая: вы між сабой дамоўцеся спачатку, а пасля клічце народ на нейкае змаганне», – падкрэсліў Класкоўскі.

Найбліжэйшы тэст салідарнасці ды еднасці адбудзецца ўжо першага траўня. Наступныя акцыі пратэстаў апазіцыя плануе на восень.

Ян Бабіцкі, «Белсат»