Аляксандр Класкоўскі: Лукашэнка не паехаў на саміт ЕАЭС, каб прадэманстраваць незадаволенасць пазіцыяй Крамля


Прыняцце Мытнага кодэксу – гэта важны этап развіцця і ўзмацнення інтэграцыйных працэсаў. Але ў інтарэсах нашай дзяржавы.

Гэтак на пачатку месяца Лукашэнка казаў пра галоўную нагоду чарговага саміту ЕАЭС, але цяпер пастанавіў на яго ўвогуле не ехаць. У Крамлі заявілі, што адсутнасць кіраўніка Беларусі на хаду сустрэчы ў Санкт-Пецярбурзе істотна не паўплывае.

«Усе дакументы, якія сёння будуць падпісвацца, раней былі цалкам узгодненыя з нашымі беларускімі партнёрамі. І падпісаныя дакументы скіруюць у Менск, каб Аляксандр Рыгоравіч змог іх там падпісаць», – сказаў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

Пакуль Мытны кодэкс падпісалі прадстаўнікі чатырох краінаў-удзельніц. Паводле палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, такі жэст Лукашэнкі – дэманстрацыя вострай незадаволенасці з пазіцыі Крамля.

«Мы не будзем ваш Мытны кодэкс падпісваць і ўвогуле мы яшчэ падумаем, ці ўдзельнічаць у вашай Еўразійскай інтэграцыі. Натуральна гэта тое, што палітолагі называюць падвышэннем ставак, ці як кажуць у пэўных колах браць на понт», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

А накіпела ў кіраўніка Беларусі ў першую чаргу праз ужо амаль гадавую паліўную вайну. На цяперашні момант афіцыйны Менск вінен Маскве больш як 350 мільёнаў долараў за газ. Крэмль скарачае пастаўкі нафты. Паводле расейскага палітолага Андрэя Суздальцава, кіраўнік Беларусі не паехаў у Санкт-Пецярбург таму, што больш не мае прапановаў для Пуціна ў гэтай справе. Таму і абраў ціск праз непадпісанне важнага дакументу.

«Калі Лукашэнка не падпісвае Мытны кодэкс, то ўжо амаль узноўленая мяжа паміж Расеяй і Беларуссю атрымае агульнадзяржаўны статус. І фактычна непадпісанне Мытнага кодэксу азначае, што Беларусь выходзіць з Мытнага звязу з усімі наступствамі», – кажа палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Але Лукашэнка кодэкс падпіша, упэўненыя эксперты. Не цяпер, дык праз тыдзень ці два. Бо іншых козыраў у рукаве няма, а вось Расея можа і далей закручваць нафтавы вентыль. Між тым, крызіс у дачыненнях – не толькі паліўны.

«А ў нас нават калі ўсё будзе нармальна, такія дзеячы, як Данкверт і іншыя, аплююць, абылгуць і абгадзяць. Як гэта было нядаўна. Аказваецца, у яго кавалак мяса з Беларусі, ці шклянка малака, ці кавалак хлеба захрасае», – сказаў Лукашэнка.

«Дзеяч» Сяргей Данкверт – гэта старшыня «Рассельгаснагляду», які неаднаразова вінаваціў Беларусь у рээкспарце харчоў у Расею. Услед за Лукашэнкам крытыку інтэграцыйных працэсаў працягнуў старшыня Палаты прадстаўнікоў. Сёння ў Маскве на парламенцкай сесіі Саюзнай дзяржавы Уладзімір Андрэйчанка заявіў, што ў ЕАЭС важных рашэнняў не прымаецца, і саюз ператвараецца ў палітычны праект.

«Расея пакрывіцца, але так ці інакш будзе шукаць магчымасць залагодзіць гэты канфлікт. Іншыя хаўруснікі яны глядзяць у рот Маскве, таму што яны таксама ў чарзе па гэтыя маскоўскія субсідыі, і ўсе спекуляцыі палітолагаў, што вось нейкі ўзнікне хаўрус тактычны, напрыклад паміж Лукашэнкам і Назарбаевым. Усе гэтыя канцэпцыі рассыпаліся, таму што тут кожны сам за сябе», – кажа Класкоўскі.

А ў наўпроставым супрацьстаянні Масква – Менск апошні – відавочна слабейшы. Бо, як падкрэсліваюць адмыслоўцы, беларуская эканамічная мадэль у цяперашнім выглядзе без расейскіх субсідыяў існаваць не можа. Налета, прадказваюць яны, крызіс двухбаковых стасункаў працягнецца.

Таццяна Рэут belsat.eu