Алепа – Сталінград XXI стагоддзя: расейцы паміраюць, але перамагаюць


Ваенная аперацыя ў Сірыі застаецца адной з асноўных задачаў камандуючых Узброенымі сіламі і спецслужбаў Расеі. Пра гэта Уладзімір Пуцін заявіў падчас сённяшняй раздачы пагонаў вышэйшым афіцэрам у Крамлі.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:

«Шмат хто з генералаў і адміралаў, прысутных у гэтай залі, прымалі і прымаюць непасрэдны ўдзел у рашэнні задачаў у Сірыі».

Апроч пагонаў, раздаваць давялося і пасмяротныя ўзнагароды расейскім удзельнікам сірыйскай вайны.

УЛАДЗІМІР ПУЦІН:

«5-га снежня на сваім пасце загінулі медыкі ваеннага шпіталя сяржанты Надзея Дурачэнка і Галіна Міхайлава, а ўчора ў Сірыі пасля цяжкага ранення, атрыманага напярэдадні ў выніку абстрэла тэрарыстаў, сканаў палкоўнік Руслан Віктаравіч Галіцкі».

Апошні год Руслан Галіцкі камандаваў 5-й гвардзейскай танкавай брыгадай у сталіцы Бураціі Улан-Удэ, якая адзначылася ўдзелам бурацкіх танкістаў у бітве пад Дэбальцава на ўсходзе Украіны 2 гады таму. У Сірыі Галіцкі знаходзіўся ў статусе ваеннага дарадцы, афіцыйна – дапамагаў сірыйскім афіцэрам асвойваць танкі і трэніраваць жаўнераў.

Галіцкі не адзіны афіцэр з Улан-Удэ, забіты ў Сірыі. Улетку ў Горадні пахавалі падпалкоўніка вайсковай выведкі Уладзіміра Бекіша, які ў 5-й брыгадзе камандаваў выведротай. Афіцыйна расейскія сухапутныя войскі не ваююць на сірыйскай зямлі. Расейскія тэлеканалы паказваюць толькі авіяцыю, гуманітарныя канвоі і медыкаў, ахову і сапёраў.

Але ў сацыяльных сетках расейскія кантрактнікі і байцы прыватных ваенных кампаніяў дэманструюць свой удзел у гарачых сірыйскіх баях.

Называць кадравых вайскоўцаў і байцоў спецназу дарадцамі і тэхперсаналам – старая савецкая традыцыя, кажа Яўген Красулін. Гэтаксама, як на парадак заніжаць лічбы сапраўдных стратаў.

ЯЎГЕН КРАСУЛІН, АДМЫСЛОЎЦА Ў НЕЕЎРАПЕЙСКІХ ЦЫВІЛІЗАЦЫЯХ:

«У Сірыі вайсковыя спецыялісты Савецкага Саюзу выкарыстоўваліся яшчэ з хрушчоўскай эпохі. І я не думаю, што іх мэты і задачы моцна змяніліся».

Вось і цяпер на ўсходнія кварталы Алепа афіцыйна наступаюць войскі Башара Асада, ліванская групоўка «Хізбула» ды іранскія шыіты. У Маскве кажуць, што расейская авіяцыя нават не падтрымлівае іх з паветра. На справе рэшткі менавіта расейскіх бомбаў з маркіроўкай ФАБ знаходзяць у знішчаных жылых кварталах.

У акружаных раёнах Алепа не засталося ніводнага цэлага будынку. Але там цяпер дзясяткі тысячаў сірыйцаў без медыкаментаў, харчоў і вады.

ЯЎГЕН КРАСУЛІН:

«Праз бамбардзіроўкі ў Алепа дэманструецца жорсткасць, з якой Расея можа весці баявыя дзеянні. І тут патэнцыйны вораг можа задумацца: мо лепей здацца адразу, чым падвяргаць свае гарады такой небяспецы».

Паводле адмыслоўцаў, у Сірыі Расея вырашае адразу некалькі стратэгічных задачаў: гібрыдны ціск на Еўразвяз праз уцекачоў, прымушэнне Захаду да дыпламатычнага дыялогу, адцягванне ўвагі ад Крыму і Данбасу ды нават знішчэнне праекту пабудовы газаправода з Катару ў Турцыю.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: REUTERS / Omar Sanadiki