Алег Гайдукевіч прапануе даць Лукашэнку 7 гадоў


Новы рэферэндум?

Прэзідэнцкі тэрмін не пяць гадоў, як цяпер, а сем. Ліберальна-дэмакратычная партыя будзе дамагацца правядзення рэферэндуму аб зменах у Канстытуцыі ў 2018 годзе.

«Мы гаворым пра тое, што трэба тры пытанні разглядзець, і паасобку яны не маюць сэнсу, толькі разам. Першае і самае галоўнае – гэта пераход на прапарцыйна-мажарытарную сістэму выбараў, а менавіта, каб дэпутаты абіраліся па партыйных спісах», – зазначыў Алег Гайдукевіч, намеснік старшыні ЛДП.

Другое пытанне – павелічэнне тэрміну паўнамоцтваў дэпутатаў з 4 да 5 гадоў, бо інакш, як мяркуе Гайдукевіч, надта дорага.

Ініцыятыва прагучала ў цікавы момант

Акурат напярэдадні 20-ай гадавіны плебісцыту, дзякуючы якому Аляксандр Лукашэнка сканцэнтраваў у сваіх руках галоўныя рычагі ўлады. У абыход Канстытуцыйнага суда і Вярхоўнага савету Лукашэнка ў 1996 годзе прыдаў вынікам рэферэндуму абавязковы характар замест рэкамендацыйнага. А на пасадзе старшыні ЦВК змяніў няўгоднага Віктара Ганчара на лаяльную Лідзію Ярмошыну.

Пасля галасавання Лукашэнка распусціў Вярхоўны Савет, стварыў кішэнны Нацыянальны сход, атрымаў паўнамоцтвы самастойна прызначаць рэферэндумы і вышэйшых пасадоўцаў. А ягоныя дэкрэты і ўказы сталі мацнейшыя за законы.

А ў 2004 годзе чарговым рэферэндумам кіраўнік краіны прыбраў абмежаванні на два прэзідэнцкія тэрміны. І вось нядаўна абмовіўся пра патрэбу новага рэспубліканскага галасавання – каб, маўляў, крочыць у нагу з часам.

Кіраўнік дзяржавы можа быць і канём і каровай

Чаго канкрэтна могуць датычыць новыя змены, з заявы няясна. Гаворка можа ісці пра механізмы перадачы ўлады: ці пра зніжэнне ўзроставай планкі на пасаду, ці пра пажыццёвае прэзідэнцтва.

«Ці больш цывілізаваны варыянт, які прапануе Арменія, калі так сказаць, увесці больш простае прызначэнне прэзідэнта на пасаду. То бок дэпутатамі парламента, якія пагодзяцца абраць кіраўніком дзяржавы ці каня, ці карову. Як ім прапануюць», – мяркуе Пастухоў Міхіал, былы суддзя Канстытуцыйнага суду.

Адзіны механізм уздзець на ўлады – публічныя акцыі

Палітыкі і эксперты да верагоднасці рэферэндуму ў 2018 годзе ставяцца скептычна. Бо навошта: Лукашэнка і так мае неабмежаваную ўладу.

«20 гадоў таму па сутнасці ўсе дэмакратычныя механізмы ў Беларусі былі ліквідаваныя. У грамадства не засталося магчымасцяў уздзейнічаць праз гэтыя механізмы на ўлады, таму што няма выбараў, няма рэальна дзейснага парламенту, незалежнага суда. Адзіны механізм, які застаўся, гэта публічныя акцыі», – упэўнены палітык Мікалай Статкевіч.

Гэтым механізмам і правам Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў заклікаюць скарыстацца 24 лістапада ды выйсці на сталічную плошчу Свабоды а 18-ай, каб узгадаць антыканстытуцыйныя падзеі 96-га года.

Таццяна Рэут, «Белсат»