Актывісты бʼюць у званы: магільнік беларускай АЭС размесцяць у пойме ракі Віліі


Антыядравая кампанія ў Беларусі можа атрымаць другое дыханне. Пра гэта ішла гаворка ў сталіцы на круглым стале, які абʼяднаў не толькі палітыкаў, але прадстаўнікоў грамадскай супольнасці Гарадзеншчыны і Віцебшчыны. Але разам з гэтым, ёсць і другі бок медаля. Менш чым за 10 км ад беларуска-літоўскай мяжы ідуць падрыхтоўчыя працы па будаўніцтву ядравага магільніка для адпрацаванага паліва з будучай станцыі.

Найлепшы момант для спынення будаўніцтва Атамнай электрастанцыі ў Астраўцы

Менавіта такія ацэнкі з боку антыядравых актывістаў прагучалі ў часе круглага стала ў Менску, які зарганізавала партыя БХД. Упершыню са старту праекту ў 2009 годзе існуе вялікая магчымасць, што будаўніцтва АЭС замарудзіцца менавіта праз палітычнае пахаладанне паміж Менскам і Масквою.

«Калі такая дынаміка стасункаў будзе працягвацца, не выключана, што сапраўды гэта адабʼецца на будаўніцтве Астравецкай АЭС у плане зацягвання тэрмінаў будаўніцтва і здачы яе ў эксплуатацыю. Мы можам пабачыць тое самае, што і з вежаю Газпраму, будаўніцтва якой папросту замарожанае», – нагадаў Аляксей Янукевіч, старшыня БНФ.

Пытанняў да пляцоўкі ўсё больш

Сярод іншых аргументаў, не на карысць будоўлі ў Астраўцы, пра якія кажуць «зялёныя» – гэта небяспека, звязаная з другім выпадкам пашкоджання корпусу рэактара для першага энергаблоку. Спасылаючыся на свае крыніцы, удзельнікі круглага стала кажуць: існуе вялікая верагоднасць, што напрыканцы снежня праз сутыкненне корпусу рэактара з чыгуначнаю апорай былі пашкоджаныя патрубкі корпусу. Нягледзячы на гэта, кіраўніцтва станцыі запэўнівае, што ўжо неўзабаве пачнецца мантаж корпусу. І гэта нягледзячы на тое, што ўсцяж застаюцца пытанні да самой пляцоўкі.

«З усіх пляцовак, а было даследавана каля 30 месцаў, горш чым гэтая, больш небяспечнай чым гэтая не знайшлі. І вось на ёй пачалі будаваць станцыю. Гэта злачынства», – даводзіць Георгій Лепін, доктар тэхнічных навук.

«Магільнік абавязкова будзе пабудаваны»

Актывіст кампаніі «Астравецкая атамная – гэта злачынства» Мікалай Уласевіч распавёў, што ўжо цяпер ідуць падрыхтоўчыя працы да будаўніцтва комплексу, дзе будуць захоўваць адпрацаванае ядравае паліва.

«Магільнік абавязкова будзе пабудаваны і я ўжо сёння ведаю тое месца, гэта карʼер які знаходзіцца непадалёк ад атамнай станцыі, каля 12 кіламетраў, гэта таксама ў пойме вадазбору ракі Віліі», – кажа спадар Уласевіч.

Сярод найбліжэйшых планаў, якія прагучалі падчас круглага стала, паспрабаваць вынесці пытанне АЭС на абмеркаванне ў Палаце прадстаўнікоў. Пагатоў пытанне энергетычнай бяспекі ад Масквы цяпер як ніколі актуальнае для афіцыйнага Менску.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum