Аб'ектыў 14.03.2017 Актыўным недармаедам могуць падкінуць наркотыкі?


Міліцыя рыхтуе судам усё больш працы – новыя пратаколы складаюць на ўдзельнікаў пратэсту і журналістаў. Але затрыманні ўсё часцей трапляюць у інтэрнэт праз наўпроставыя трансляцыі.

Сустрэча ля сценаў ізалятару ў Гомлі ператваралася ў акцыю салідарнасці

Учора за кратамі апынуліся гомельскія актывісты Віктар Рубцоў і Максім Філіповіч. Не выключаюць, што затрыманых нашмат больш.

«Хлопцы здымалі нашае няшчаснае жыццё, жабрацкае жыццё. За гэта іх скруцілі», – кажа Эла Нюціна, удзельніца акцыі.

Віктару Рубцову за арганізацыю і ўдзел у акцыі пратэсту супраць дэкрэту № 3 у Гомлі завочна прысудзілі да 14 содняў арышту. Незадоўга ж да затрымання актывіст заявіў, што не баіцца арышту.

«Запалохванне не пройдзе. Калі чалавек галодны, яму губляць няма чаго. Якая розніца за што мне сядзець? Я лепш пасяджу за тое, што я пратэставаў, чымся за тое, што я не заплаціў», – зазначыў грамадскі актывіст Віктар Рубцоў.

Такі лёс напаткаў і Гомельскага блогера Максіма Філіповіча

Яму прысудзілі 13 содняў арышту за тую ж акцыю. Атрымаўшы «ліст шчасця», Максім стаў актыўна асвятляць сітуацыю вакол скандальнага дэкрэту і далучыўся да пратэстаў. Затрыманне адбылося ў жывым эфіры.

«Яму пісалі, што забʼюць, што прабʼюць галаву каля падʼезду. Мне таксама пагражалі ў перапісках», – распавяла Юлія Філіповіч, жонка вядомага блогера.

Некалькі дзён таму ў часе акцыі пратэсту ў Пінску асобы ў цывільным намагаліся затрымаць блогера. Аднак людзі адбілі яго ў невядомых.

Рэпрэсіі не вычэрпваюцца адміністратыўнымі пакараннямі

Імаверна, супраць актыўных апанентаў улады ў Гомлі рыхтуюцца і сурʼёзныя правакацыі. Як паведаміў блогер Дзмітрый Сабураў, яму патэлефанаваў невядомы, які паведаміў, што на актывіста хочуць «павесіць» захоўванне наркотыкаў. Да гэтага Дзмітрый Сабураў – таксама адрасат «ліста шчасця» – актыўна збіраў подпісы за адмену дэкрэту № 3.

А сёння ў Гомлі рэпрэсіўная машына зноў працавала напоўніцу

У аддзелы міліцыі выклікалі ўсё новых асобаў, на якіх складаліся пратаколы. Першымі ў чарзе былі журналісты, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам. Як сталася вядома, Яўгена Меркіса і Ларысу Шчыракову будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Рагачове ды незаконны распаўсюд інфармацыі.

Судовы канвеер у Гомлі працягнецца 17-га сакавіка. У гэты дзень плануюць, між іншага, разгледзець справы галоўных арганізатараў пратэсту 19-га лютага. Сярод іх – сябра АГП Васіль Палякоў і Леанід Судаленка. Больш як імаверна, што на содні трапяць чарговыя актывісты.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары