Айтышныя планы Лукашэнкі


У традыцыйны перадвыбарчы лозунг кіраўніка краіны «За моцную і квітнеючую Беларусь!» гэтак і просіцца прынамсі яшчэ адно азначэнне. Пра развіццё лічбавай будучыні нашае краіны Аляксандр Лукашэнка гаворыць не першы год. У тым ліку і сёння – у часе нарады па абмеркаванні праекту дэкрэту «Аб развіцца лічбавай эканомікі».

«Нашая краіна мае ўсе шанцы стаць, як мінімум, на дадзеным этапе – рэгіянальным лідарам у развіцці самых перадавых кірункаў: штучнага інтэлекту, вялікіх дадзеных, тэхналогіі блокчэйн. І я мушу сказаць, што гэта ўжо не ад мяне і не ад дзяржавы залежыць. Гэта будзе залежыць толькі ад вас!», – зазначыў Лукашэнка.

Што перашкаджае?

Асноўныя праблемы ў рэалізацыі гэтых грандыёзных планаў, паводле ўласна айтышнікаў – менавіта дзяржаўнага маштабу. Гэта і недастатковая адукацыя з ухілам у лічбавыя тэхналогіі, і празмерныя падаткі, і умяшальніцтва ўладаў непасрэдна ў працу айтышнікаў замест папросту стварэння ўмова для гэткага развіцця, і закарэлае ды састарэлае заканадаўства. Пра што гаварыць, калі дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі» пра які Лукашэнка цвердзіць прынамсі з вясны, усцяж знаходзіцца адно на ўзроўні праекту Ды яшчэ і аніразу неапублікаванага.

«Тут патрэбная ўсё-ткі агульная эканамічная свабода, дакладная павага да прыватнай уласнасці і абавязкова – наяўнасць і выкананне законаў, якія б дазвалялі людзям свабодна працаваць у гэтай сферы», – тлумачыць Сяргей Чарнавокі, IT-эксперт і праграміст.

Калі верыць абяцанням, усё павінна быць як ніколі добра

Паводле кіраўніка Парку высокіх тэхналогіяў Усевалада Янчэўскага, праект дэкрэту прадугледжвае, сярод іншага, падаўжэнне спецыяльнага падатковага рэжыму для ПВТ да 2049-га года, дазвол IT-бізнэсу заключаць інвестыцыйныя ўгоды ў Беларусі, а не за мяжою, легалізацыя крыптавалютаў, вызваленне ад шэрагу падаткаў ды іншае.

«Дэкрэт будзе падпісаны да канца гэтага года – суперліберальны варыянт з падтрыманнем усіх спосабаў ужывання блокчэйну, 100%-ай адсутнасцю бюракратыі, якіх-заўгодна бізнэс-мадэляў, у тым ліку прадуктовых, поўнай свабоды ў найманні замежных адмыслоўцаў, інстытутаў ангельскага права і г.д», – зазначыў Віктар Пракапеня, IT-бізнесовец і ўдзельнік прэзідэнцкай нарады.

Гэтым новым дэкрэт не абмяжоўваецца

Гаворка і пра штучны інтэлект, і пра робатызацыю, біятэхналогіі і нават пашырэння вывучэння ангельскай мовы ў школах. У адказ на гэткую надзвычайную спрыяльнасць, гарантаваную стабільнасць і неўмяшанне Лукашэнка чакае ад IT-бізнесу падтрымання дзяржавы і спраўнага выплачвання падаткаў.

Валеры Руселік, «Белсат»