Расейскія казацкія дружыны збіраюцца ахоўваць мяжу Расеі з Беларуссю


Навошта такія захады патрэбныя Расеі? Адказ суседа на 30-дзённы бязвізавы рэжым? Барацьба з кантрабандаю? Ці нешта іншае?

Сяргей жыве ў вёсцы Янава Веткаўскага раёну, што на Гомельшчыне. Літаральна праз 300 метраў пачынаецца Расея. Мяжа пакуль умоўная, але неўзабаве з расейскага боку яе пачнуць ахоўваць казакі ды дружыннікі.

«Ніхто тут не ходзіць, нікому тут нічога не трэба. Тут вось толькі лісічкі ходзяць збіраюць, і ўсё», – кажа Сяргей Магонаў, жыхар в. Янава.

Калі ніхто тут не ходзіць, дык навошта такія захады? У каментары парталу Naviny.by чыноўнік Сяргей Рускіх з Адміністрацыі Хіславіцкага раёну Смаленскай вобласці неабходнасць такіх дзеянняў растлумачыў проста: «Ёсць памежная зона, вось і ствараюцца дружыны».

Расейскі чыноўнік адзначыў, што добраахвотны патруль з’Явіцца ўжо цягам гэтага месяцу.

«З боку адміністрацыі было зроблена ўсё неабходнае – сфармаваныя спісы і пададзеныя дакументы, цяпер адбываецца афармленне. Дружыны будуць працаваць пры памежнай службе, а гэта структура ФСБ. Яны праводзяць праверку», – кажа Сяргей Рускіх з адміністрацыя Хіславіцкага раёну.

Магілёўскі праваабарончы сайт MSPRING.ONLINE назваў стварэнне дружыны адказам расейцаў на ўвядзенне ў Беларусі трыццацідзённага бязвізу. Праваабаронцы адзначаюць, што акрамя непакою праз магчымы наплыў замежнікаў ёсць яшчэ адна прычына – вялікая колькасць кантрабанды, якая паступае ў Расею з Беларусі.

Аднак некаторыя лічаць, што гэта выключна палітычны крок на фоне харчовых, газавых ды іншых войнаў паміж афіцыйнымі Менскам і Масквой.

«Хутчэй за ўсё, гэта чарговы для Лукашэнкі ківок пальчыкам ад Пуціна: «Саша, ты дачакаешся, што заўтра я цябе абвінавачу ў тым, што ты саюзную дзяржаву пахаваў», – адзначае Уладзімір Кацора, грамадскі дзеяч.

Што б ні было прычынаю, мясцовыя жыхары не вітаюць такіх захадаў з боку суседзяў-расейцаў.

Жыхары памежнай зоны

«Навошта яно нам трэба? Гэта ж тая самая вайна! Што не? А мы хочам міру і сяброўства».

«Мяжа… Навошта яна? Цяпер узяў сабраўся, і пайшоў».

«Дык хто іх ведае? Дурасцю займаюцца, вось і ўсё».

«Мы жывем спакойна. У нас сабака брэша».

У лютым 2017 года ФСБ аднавіла на тэрыторыі Расеі памежную зону ў Бранскай, Пскоўскай і Смаленскай вобласцях. Яе не існавала з 1995 года, калі была падпісаная Дамова аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацы Беларусі ды Расеі. Тады гэтую захаду расейскі бок растлумачыў адказам на ўвядзенне Беларуссю 5-дзённага «бязвізу».

Міхась Ільін, «Белсат»