Аграрыі выкапалі ямы пад вокнамі вяскоўцаў. Кажуць, што так і трэба


У Зэльвенскім раёне на Гарадзеншчыне ў адным з мясцовых сельгаспрадпрыемстваў пабудавалі сховішчы для сіласа ў літаральным сэнсе пад вокнамі вяскоўцаў. Самыя аграрыі праблемы не бачаць і кажуць, што сховішчы для сіласу пахнуць хлебам.

А вось мясцовыя цвердзяць: пахне аміякам. І ніхто не звяртае ўвагі на іх скаргі.

У вёсцы Вострава на Гарадзеншчыне мясцовыя жыхары апынуліся літаральна заціснутыя паміж сенажатна-кармавымі сховішчамі, ад якіх, як сцвярджаюць, ідзе моцны пах аміяку. Адныя заклікаюць на дапамогу журналістаў, а іншыя паціскаюць плячыма і кажуць: ну смярдзіць, і што рабіць.

У мясцовую адміністрацыю жыхары не звярталіся, бо не вераць, што іх пачуюць. Папрасілі журналістаў «Белсату» паказаць, што людзі жывуць літаральна за 50 метраў ад сіласных ямаў, у якіх захоўваюцца кармы для мясцовай фермы.

Дзве сіласныя ямы ў Востраве стаяць, яшчэ тры будуем, кажа ў размове з «Белсатам» дырэктар КСУП «Галынка», якому належаць сховішчы. Пры гэтым Уладзімір Юч дадае: усё адпавядае тэхналагічным нормам. Пры гэтым само прадпрыемства лічыцца адным з лепшых у Зэльвенскім раёне: заробкаў не затрымліваюць, а падчас уборачнай кампаніі тут зарабляюць да 1300 рублёў.

«Ад ямы да дому мінімальная адлегласць 50 метраў, і гэта не мы прыдумляем такія нормы. Ёсць нормы, якія прынятыя ў краіне, можа, яно і заблізка, можа быць 50, 150 метраў, паўкіламетра, але ёсць нормы згодна з праектамі», – кажа Уладзімір Юч.

Галоўная праблема ў тым, што тэхналогія пабудовы сіласных ямаў засталася нязменная яшчэ з 1970-х гадоў мінулага стагоддзя. У заходніх краінах, Нямеччыне ці Францыі, кармы для кароваў захоўваюць у адмысловых палімерных рукавах. Але нашым аграрыям пакуль што прасцей выкапаць яму пад вокнамі вяскоўцаў.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu