Аграгарадкоў мала. Цяпер з’явяцца агракласы


На загад міністра адукацыі Ігара Карпенкі з наступнага года ў некаторых беларускіх школах створаць агракласы. Што хаваецца за новаю ініцыятывай – кузня кадраў ці крыніца бясплатнай працоўнай сілы?

Чым будуць займацца дзеці ў агракласах – невядома

Але гэтую адукацыйную ініцыятыву плануецца зрэалізаваць па ўсёй Беларусі, перадусім – у школах вёсак і мястэчак.

«Гэта можа дазволіць адміністрацыям школ па законе браць гэтых дзяцей і адпраўляць на палі. І калі будуць адбывацца такія трагедыі, як была гады два таму ў Маладзечанскім раёне, то будзе вельмі цяжка даказаць, што адміністрацыя там нешта не дагледзела, таму што «Ну ў іх жа аграклас. Яны і павінны дзяцей выводзіць на палі, каб яны ўмелі збіраць бульбу і гэтак далей!», – упэўненая Іна Гармель, галоўная рэдактарка «agrolive.by».

У дадатак да агракласаў міністр Карпенка прапаноўвае стварыць адмысловыя школы на базе найбольш паспяховых аргапрамысловых прадпрыемстваў, дзе студэнты галіновых навучальных установаў маглі б праходзіць практыку.

Ініцыятыва Мінадукацыі – адказ на крытыку Лукашэнкі?

«Шчыра скажу, у нас пакуль слаба вядзецца праца ў фінансавым аздараўленні сельгасарганізацыяў: колькасць стратных скарачаецца занадта павольнымі тэмпамі. У канцы года дакладзяце вынікі. Пакуль іх я не бачу. Вы, напэўна, думаеце, што я пра гэта забыўся. Сельскагаспадарчая вытворчасць – гэта вытворчасць, бізнес, а не сацыяльны праект. Пытаць буду ў першую чаргу за вынік», – абурыўся нядаўна кіраўнік Беларусі.

Хоць пытанне кадраў грае вялікую ролю, гэта не адзіная сфера, якая патрабуе ўвагі. Тым больш, што выніку працы агракласаў трэба будзе чакаць як мінімум пяць гадоў, каб ацаніць хоць бы той адсотак выпускнікоў, якія працягнуць навучанне ў аграрных ВНУ, а затым застануцца працаваць паводле спецыяльнасці.

«Нават калі мы зараз насыцім наш аграсектар вялікай колькасцю талковых работнікаў, яны насамрэч мала што здольныя паправіць. І стратнасць аграсектару – гэта галоўнае пытанне, якое нават вялікая колькасць прафесіяналаў не здольная вырашыць. Я жартую, што той, хто здолее вырашыць пытанне стратнасці беларускага АПК, зможа прэтэндаваць на Нобелеўскую прэмію», – даводзіць Іна Гармель.

Пакуль кіраўніцтва краіны займаецца прывядзеннем у жыццё новых праектаў, асноўная праблема беларускага аграпрамысловага сектару заключаецца ў самой сістэме татальнага дзяржаўнага кіравання. А размовы пра «вёску будучыні», якія вядуцца чыноўнікамі, пакуль больш нагадваюць анекдот.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»