АГП звярнулася да сумлення тых, хто працуе ва ўчастковых выбарчых камісіях


Роўна тыдзень да выбараў у мясцовыя саветы. Але незалежныя кандыдаты рыхтуюцца не да перамогі, а да фальсіфікацыяў. У Менску адбыўся вялікі пікет Аб’яднанай грамадзянскай партыі пад лозунгам «За справядлівыя выбары!». У апошні момант дадаўся і яшчэ адзін лозунг – «Свабоду Анатолю Лябедзьку». У пятніцу лідара партыі затрымалі на трасе Берасце-Менск.

Пікет Абʼядананай грамадзянскай партыі разгарнуўся наўпрост каля ўваходу ў сталічны ГУМ.

«Наш пікет сёння скіраваны да тых, хто працуе ва ўчастковых выбарчых камісіях. Палічыце, калі ласка, галасы ў сваёй пачцы і паведамце пра фальсіфікацыі на адрас Абʼяднанай грамадзянскай партыі», – кажа Ганна Красуліна з АГП.

У апошні момант на пікеце зʼяўся і плакат з надпісам «Свабоду Лябедзьку!». Старшыню Абʼяднанай Грамадзянскай партыі затрымалі ў пятніцу, калі той вяртаўся з перадвыбарчага пікету ў Берасці. На яго склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыі і заўтра будуць судзіць у Кобрыне.

«Я магу я былы аператыўны працаўнік сказаць, што я ведаю, я бачыў, я быў удзельнікам, што ў дачыненні ўсіх лідараў апазіцыйных вядуцца аператыўныя справы, парушаюцца іх канстытуцыйныя правы, за імі сочаць, слухаюць іхныя тэлефон», – распавядае кандыдат у дэпутаты ад АГП, Мікалай Казлоў.

Праз сваё затрыманне Анатоль Лябедзька не здолеў наведаць Магілёў, дзе сумесны пікет правялі трое сябраў АГП – Таццяна Сівачэнка, Сяргей Ляшкевіч і Аляксей Кірыенка. Кандыдаты ў дэпутаты прапанавалі мінакам узяць сімвалічны ўдзел у размеркаванні бюджэту. Напрыканцы пікету толькі адзін слоік застаўся пусты.

«Мы хочам, каб людзі зразумелі, што ў нас няправільнае фармаванне бюджэтных грошай. Каб яны ўсё ж разумелі, што вельмі шмат залежыць ад людзей, што яны зʼяўляюцца часткай нашай краіны», – кажа кандыдат у дэпутаты з Магілёву, Таццяна Сівачэнка.

«Праблема ў тым, што мясцовая ўлада не працуе. Я думаю, што мясцовыя дэпутаты мусяць перш за ўсё наладзіць працу мясцовых саветаў. І даць людзям магчымасць дапамагчы перадусім самым сабе», – мяркуе магілёўскі кандыдат Сяргей Ляшкевіч.

На іншыя праблемы звяртае ўвагу Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), якая правяла пікет у Менску. Пад назваю «За рэформу судовай сістэмы».

«Судовая сістэма яна несправядлівая ўся, незалежна ад таго артыкулу, паводле якога судзяць – ці то за прадпрымальніцкую дзейнасць, за палітычную ці крымінальную. Але сёння тут сабраліся ў асноўным родныя, якіх закранула пытанне артыкул 328. Гэта званы артыкул за распаўсюд наркотыкаў», – кажа Дзяніс Садоўскі з БХД.

Вакол артыкулу 328 паўстаў цэлы рух. У асноўным гэта маці, чые дзеці атрымалі вялікія тэрміны. Першапачаткова артыкул уводзіўся, каб змагацца з буйным наркабізнесам. Але на лаву падсудных трапляюць у асноўным трапляюць маладзёны з малою колькасцю наркотыкаў.

«У 2014-м годзе загінуў мой муж у аўтакатастрофе, а праз 4 месяцы пасадзілі майго адзінага сына-інваліда 2-й групы паводле 328 артыкулу 3 частцы на 9 гадоў з намерам збыту 0,3 грама», – распавядае маці асуджанага, Алена Яцкевіч.

Пікет БХД адбыўся кала СІЗА на вуліцы Валадарскага. На ім збіраліся подпісы за рэформу судовай і праваахоўнай сістэмы. Хоць, як падкрэсліваюць незалежныя кандыдаты, найперш трэба змяніць выбарчую сістэму. Каб мець якія-кольвек шанцы на дэпутацкі мандат.

Вольга Жарнасек, «Белсат»