Агонь дваццаць трэціх зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхёнгчхангу – запалены


Гонар зрабіць гэта атрымала вядомая фігурыстка, алімпійская чэмпіёнка Кім Йын А, а за гэтым на стадыёне назіралі 35 тысяч гледачоў, а таксама мільёны людзей ва ўсім свеце.

Цяпер справа за спартоўцамі, і ў некаторых відах ужо ідзе цікавая барацьба. У фігурным катанні ў камандавых спаборніцтвах у кароткай праграме найлепшы быў японец Сёма Уно, сярод спартовых параў перамаглі алімпійскія спартоўцы з Расеі Яўгенія Тарасава і Уладзімір Марозаў. Пасля двух відаў лідзіруе Канада, далей – ЗША і Японія, Расея толькі чацвёртая.

Таксама стартаваў ужо турнір па кёрлінгу ў міксце. Тут канадцы разграмілі Фінляндыю 8:2, карэйцы амерыканцаў – 9:1, а швейцарцы саступілі нарвежцам – 5:6. Гульні ў Пхёнчхангу працягнуцца да 25-га лютага, а за 102 камплекты ўзнагародаў пазмагаюцца больш за дзве з паловаю тысячы спартоўцаў з дзевяноста дзвюх краінаў свету. Беларускія атлеты, якіх на Алімпіядзе 32, выступяць у шасці відах спорту.

Хакей

У Экстралізе адкрытага чэмпіянату краіны па хакеі згулялі тры матчы. Цэнтральны з іх адбыўся ў Горадні, дзе сышліся лідары турнірнай табліцы, мясцовы «Нёман» і менскае «Юнацтва». У гэтай сустрэчы каманда Міхаіла Захарава ў сваім выкананні паказала вельмі дрэннае ўзаемадзеянне на лёдзе, што прывяло яе да паразы са значным лікам 1:4.

У першым перыядзе госці выйшлі наперад, вызначыўся Яфіменка, а затым раўнавагу аднавіў Хараманда. Далей закідалі толькі гаспадары, шайбы на рахунку Баярчука, Кіслага і Грыня. Адзначу, што ў адрозненне ад сваіх калегаў, і нягледзячы на чатыры ўзяцці сваёй брамы галкіпер «Юнацтва» Дзмітрый Мільчакоў быў на вышыні, бо каб не ягоная выдатная гульня, лік мог быць і яшчэ больш разгромны. «Дынама» (Маладзечна) у булітах даціснула «Гомель» 3:2, з такім ж лічбамі «Шахцёр» перагуляў «Металурга». У турнірнай табліцы лідаруе «Нёман» – 84 балы, трэці і чацвёрты радкі дзеляць «Юнацтва» і «Шахцёр» – у іх па 79 пунктаў.

Футбол

«Барсэлона» – «Сэвілля», менавіта такая афіша будзе ў фіналу Кубка Іспаніі па футболе. У першым матчы 1/2 фіналу «сіне-гранатавыя» на «Кам Ноў» мінімальна перамаглі «Валенсію», а вось ужо на «Мэсталлі» каталонскі клуб здолеў вызначыцца двойчы, сваю браму пакінуўшы недатыкальнаю.

«Барса» пераканаўча правяла матч з гаспадарамі поля, якія спрабавалі актыўна праводзіць гульню, атакавалі цягам усёй сустрэчы, аднак у выніку зазналі паразу. Шмат галявых момантаў стварылі абедзве каманды, а больш часу каля брамы суперніка праводзіла, вядома, «Барсэлона». Вырашальны пералом здарыўся толькі ў другім тайме: на 49-й хвіліне за «сіне-гранатавых» першы гол забіў Філіпі Каўтынню, які ў зімовае трансфернае вакно перайшоў у гэты клуб з ангельскага «ЛІвэрпулу». Кропку ў сустрэчы на 82-ой хвіліне паставіў І́ван Ракітыч. Далей каталонцы супакоіліся і давялі гульню да перамогі, нават, дазваляючы «Валенсіі» атакаваць. «Сэвілля» у сваю чаргу разабралася з «Леганэсам» 1:1, і 2:0.