Агнешка Рамашэўская-Гузы: Мы вытрывалі ў цяжкіх умовах і – самае важнае – расцем


Дзесяць гадоў нясення праўды туды, дзе яна забароненая. З такімі словамі тэлеканал «Белсат» атрымаў адмысловую ўзнагароду на торуньскім фестывалі дакументальнага кіно «Мастацтва факту».

«Як дзіўна гэта ні было б (нават для мяне), нашаму каналу ўжо дзесяць гадоў. Мы вытрывалі ў цяжкіх умовах і – самае важнае – расцем, а нас – глядзяць (…) Дакументальныя фільмы і рэпартажы – каралі сучаснага тэлебачання, таму мы вельмі ўдзячныя за гэтую ўзнагароду», – кажа дырэктар тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы.

«Мастацтва факту» «Белсату» пацвярджаецца больш як 150-цю дакументальнымі фільмаў пра Беларусь і яе невядомую гісторыю; а таксама паўсотняю ўзнагародаў і адзначэнняў на розных фестывалях. Сёння да паслужнога спісу «Белсату» дадалося і віншаванне ад самога прэзідэнта Польшчы. У сваім лісце Анджэй Дуда выказаў упэўненасць у далейшым развіцці каналу. Ягонае пасланне зачытала славутая польская акторка Зоф’я Мелехоўна.

«З нагоды дзесяцігоддзя дзейнасці тэлеканалу выказваю найлепшыя пажаданні. Праўдзівая і свабодная інфармацыя будуе прэстыж і павялічвае папулярнасць каналу, які «выбітная візітоўка польскай адкрытасці ды салідарнасці».

Дэвіз сёлетняга, ужо пятага фестывалю «Мастацтва факту» – «Партрэты палякаў – погляд у люстэрка». Ён прымеркаваны да 100-годдзя атрымання незалежнасці нашымі суседзямі і цесна звязаны з гісторыяй. Гэтаксама, як «Белсат». Фільм Антося Цялежнікава «Пэндзлі замест аўтаматаў» пра падзеі ва Украіне атрымаў летась галоўную ўзнагароду гэтага фестывалю. Да таго ж наш тэлеканал не толькі ўдзельнік, але і адзін з галоўных медыйных партнёраў праекту.

«Гэта таксама від нашай дзейнасці – паказанне спраўджанай і абʼектыўнай інфармацыі, стварэнне дакументальных фільмаў. Таксама мы даем магчымасці стварэння такіх фільмаў маладым людзям у Беларусі», – кажа рэдактар «Белсату» Януш Гаўрылюк.

Сёлета тэлеканал «Белсат» святкуе сваё дзесяцігоддзе. За гэты час паўстала не толькі шмат якасных дакументальных стужак, але і ўзрос ціск на нашых аўтараў. Толькі за 2017 год незалежныя журналісты былі асуджаныя на больш як $ 13 тысячаў долараў штрафаў за супрацу з нашым тэлеканалам. Замест выдання акрэдытацыі – з боку ўладаў – канфіскацыя тэхнікі з офісаў і збіццё. Суды, запалохванні ды пераслед працягваюцца. Але працягваецца і праца «Белсату».

Сцяпан Святлоў, «Белсат»