Агляд спортовых навінаў за 02.01.2017


Хакей U-17

Юнацкая зборная Беларусі па хакеі з шайбаю атрымала перамогу на буйным, прэстыжным, ужо шматгадовым турніры ў канадскім Кэлгары пад назваю «Macʼs Midget AAA World Invitational Tournament». Паводле афіцыйнага сайту Беларускай федэрацыі хакею, упершыню спаборніцтвы прайшлі ў 1978 годзе.

А сёлета ў іх выступілі 25 мужчынскіх і 15 жаночых калектываў. У вырашальным двубоі беларускія юнакі перагулялі супернікаў з канадскага «Сэскатун Контактс» больш чым пераканальна, з лікам 6:1, на арэне клубу нацыянальнай хакейнай лігі «Кэлгары флэймз». Паводле галоўнага трэнера каманды Уладзіміра Магдзеева, падчас турніру прыйшлося сутыкнуцца з жорсткаю сілавою барацьбой і шматлікімі правакацыямі. Але юныя беларусы праявілі моцны характар, у чым былі абʼектыўна мацнейшыя за супернікаў, даючы рады як у гульні ў абароне, так і ў атацы. Беларусь атрымала сем перамогаў у сямі матчах, страціўшы толькі пункт праз оўвэртаймавы фініш у паўфінале.

Хакей U-20

На моладзевым чэмпіянаце свету па хакеі ў той жа Канадзе, толькі ў гарадах Таронта і Манрэаль, вызначыліся ўсе чвэрцьфіналісты.

Сярод іх няма дзейнага чэмпіёна планеты – Фінляндыі, якая атрымала толькі адную перамогу на фінішы групавога турніру – над Швейцарыяй – з лікам 2:0 і засталася пятаю ў падгрупе А. Тут пераканальную перамогу атрымала Швецыя са стоадсоткавымі 12-цю пунктамі. Пераследнік – Данія – адстала на цэлых шэсць пунктаў. У квінтэце Б двубой за лідарства паміж ЗША і Канадаю скончыўся перамогаю «зорна-паласатых» 3:1. Другога студзеня ў 1/4-ай згуляюць: Данія з Расеяй, пасля Швецыя са Славаччынаю, затым ЗША і Швейцарыя, а заключны двубой правядуць гаспадары, якія згуляюць з Чэхіяй. А той, хто вызваліць месца ў эліце для Беларусі, вызначыцца ў двубоі Фінляндыя – Латвія.

Тэніс

На традыцыйным штогадовым выставачным тэнісным турніры «Кубак Гопмэна» ў Аўстраліі згуляў Роджэр Фэдэрэр. Пасля аперацыі на калене летась у лютым і пропуску Адкрытага чэмпіянату Францыі–2016 праз траўму спіны, швейцарац абвесціў у ліпені, што меў патрэбу ў шырокай рэабілітацыі, якою займаўся ўсю другую палову сезону.

І, мяркуючы па ўсім, удала. На вачах больш як трынаццаці з паловаю тысяч заўзятараў, што наведалі «Пэрт-Арэну», Фэдэрэр выйшаў пераможцам у двубоі з Дэнам Эванзам даволі пераканальна – 6: 3, 6:4, адкрыўшы лік для сваёй дружыны ў двубоі з Вялікаю Брытаніяй. Роджэр прызнаўся, што вельмі хацеў хутчэй вярнуцца, бо траўма не была спартоваю. Тэнісіст атрымаў яе, напаўняючы ванну для сваіх дзяцей. Былы першы нумар сусветнага рэйтынгу апусціўся на 16-е месца і пачаў сумаваць па тэнісе. 17-ці-разовы пераможац турніраў «Вялікага шлема» апошні мэйджар выгуляў даволі даўно, стаўшы трыумфатарам «Ўімблдану-2012».