Агляд спартовых навінаў за 31.08.2017


Хакей

Чатыры матчы – чатыры паразы, менавіта такі жахлівы вынік паказвае сталічнае «Дынама» на старце новага сезону ў КХЛ. Цяпер «зубры» сустракаліся на выездзе са «Слованам», які таксама дагэтуль не меў аніводнай перамогі. У выніку «бела-блакітныя» зазналі паразу 2:4, шайбы ў нас закідвалі Паўловіч і Кавыршын. Гэта найгоршы старт за ўсю гісторыю выступу «Дынама» ў КХЛ, і мы скаціліся на апошні радок турнірнай табліцы на «Захадзе», а наступны матч таксама правядзём на выездзе, калі ў суботу згуляем з маскоўскім «Спартаком».

Мастацкая гімнастыка

У першы дзень чэмпіянату свету па мастацкай гімнастыцы, што праходзіць у італьянскім Пэзара, беларускія грацыі не здолелі ўзняцца на п’едэстал. Драўляны медаль у сваю скарбонку атрымала наша Кацярына Галкіна, якая заняла чацвёрты радок у практыкаванні з абручам. Не пашчасціла ёй і ў фінале з мячом, дзе яна апынулася на пятым месцы. Золата і срэбра ў гэтых дысцыплінах заваявалі сёстры-двайняты з Расеі: Арына і Дзіна Аверыны, адпаведна. Далей планетарнае першынство працягнецца барацьбой за медалі ў асобных практыкаваннях з булавамі і стужкай, таксама вызначацца фіналісткі ў індывідуальным шматбор’і.

Тэніс

Тэнісісты з першай дзясяткі сусветнага рэйтынгу працягваюць пакідаць корты «US-Open» на самых ранніх стадыях. Такі лёс напаткаў і шостую ракетку свету датчанку Каралінэ Вазняцкі, якая ў другім коле саступіла расяянцы Кацярыне Макаравай. Гэты ж самы раўнд стаў непераадольны і для нашай Аляксандры Сасновіч. Беларуска ў двух сэтах зазнала паразу ад аўстралійкі Эшлі Барці. Яшчэ адная прадстаўніца Расеі, Марыя Шарапава, пасля таго, як прымусіла на старце зачахліць ракетку другую ў планетарным спісе, румынку Сімону Халеп, перакрочыла ўжо і другое кола, у якім была мацнейшаю за Тымэю Бабаш з Вугоршчыны.

У мужчынскай частцы адзіночнага разраду, апошняга ў гэтым сезоне турніру серыі «Вялікага шлема», таксама не без нечаканасцяў, і, люстэркава, як і ў дзяўчат, корты пакідае шостая ракетка свету Аляксандр Звераў. Прадстаўнік Нямеччыны зазнаў паразу ад харвата Борны Чыліча Чорыча. На кортах «US-Open» усталявалі яшчэ адзін рэкорд, а яго аўтарам стаў Дзяніс Шапавалаў, які ў другім коле перамог француза Жо-Вільфрыда Цонга. Канадскі тэнісіст, якому 18 гадоў, стаў самым маладым удзельнікам трэцяга раўнду з 2007-га года, тады Доналд Янг таксама выгуляў на старце два матчы.

Футбол

Нацыянальная футбольная зборная Беларусі пачала матч групавога этапу ў кваліфікацыі да Мундыялю-2018. Усе шанцы трапіць у яго фінальны раўнд, які распачнецца 14-га ліпеня наступнага года ў Расеі, мы ўжо страцілі датэрмінова, а таму застаецца чакаць проста футбол добрай якасці. У турнірнай табліцы групы «А» лідаруюць Швецыя і Францыя ў якіх па 13 балаў, Крывушэнка і кампанія маюць 5 пунктаў і пяты радок, замыкае наш секстэт Люксембург з адным пунктам.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: hcslovan.sk