Агляд спартовых навінаў


Баскетбол

Экс-чэмпіёны краіны, «Горадня-93», якая мінулы раз выгульвала тытул яшчэ ў 2004-м нават намёку сёлета не зрабіла, каб годна процістаяць «Цмокам», саступіўшы ім ва ўсіх трох матчах фінальнай серыі. Цэлых 39 пунктаў паразы ў першым матчы ў Горадні, больш прыстойныя мінус 16 у другім двубоі. Але пераезд у Менск нічога пазітыўнага гэтаму процістаянню не дадаў. 17 траўня зноў гарадзенцы дазволілі аднаму з лідараў пераможцаў – гэтым разам ім стаў Аляксей Трасцінецкі – закінуць больш за 20 пунктаў у кош супернікаў. І зноў «Цмокам» не спатрэбіўся завадатар.

Каманда гуляла лёгка калектыўна і ўзяла вырашальны матч з розніцаю ў 22 пункты – 86:64. Гэтай банальшчыны можна было б не кранацца, каб не адзначыць, што «Цмокі» у дзявяты раз выгулялі «залатыя» медалі чэмпіянату, нарэшце абышоўшы «Горадню»-93, якая засталася з васьмю тытуламі. «Цмокі» нікому не аддаюць першынства ў краіне, выгульваючы нязменна яшчэ і Кубак Беларусі ад 2009 года.

Футбол

Заключны матч 8-га туру чэмпіянату Беларусі па футболе ў найвышэйшай лізе, як паведаміў напярэдадні мой калега Дзмітрый Сухановіч, прынёс нічыйны вынік. Праз вынік 1:1 пункты падзялілі ў сталіцы «Крумкачы» і мазырская «Славія».

Няродны стадыён для «Крумкі» зноў напружыў самых мірных, здаецца, заўзятараў у свеце немагчымасцю дружна падтрымліваць сваю каманду са звыклага сектара, бо забаранілі пранесці, напрыклад, барабан. Які зноў камусьці дзесьці ў нас парою, як спяваецца ў песні, будзе быццам бы камусьці перашкаджаць. Каму, кіраўніцтва стадыёна так і не прыдумала. Тым не менш, каманда пакуль не ўражвае, як напачатку гэтага, і, тым больш, мінулага сезона. Нічыя ў двубоі з ніжэйшай за сябе «Славіяй» толькі высунула «Крумкачоў» на аднаасобнае 11-е месца, і цешыць можа хіба тое, што першая на Беларусі незалежная ад вертыкалі дружына апярэджвае каманда пад кіраўніцтвам Уладзіміра Пятэнкі значна больш заможнае фінансава берасцейскае «Дынама» ды нашмат багацейшы на інфраструктуру футбольны клуб «Менск». Можа таму так прыцісне самых мірных у свеце заўзятараў «Крумкачоў» кіраўніцтва стадыёна футбольнага клубу «Менск». У 9-м туры «Крумкачы» 21 траўня згуляюць у Горадні. Цэнтральны матч – БАТЭ – «Дынама»(Менск) пройдзе ў Барысаве 20 траўня.

Фота: Баскетбольны клуб «Цмокi-Мiнск»