Агляд спартовых навінаў


Гандбол

Берасцейскі гандбольны клуб стаў пераможцам турніру памяці заснавальніка гэтай каманды, Анатоля Мяшкова, які закончыўся ў горадзе над Бугам. У фінальным двубоі прадказальна сустрэліся БКГ і сталічны СКА, а ў цікавым і ўпартым матчы лідаравалі гаспадары спаборніцтваў, і здабылі яны вікторыю толькі ў серыі пенальці, 32:31.

Ужо з самага пачатку было відаць, што гульня ня стане лёгкаю прагулянкаю для камандаў. Супернікі не дазвалялі адзін аднаму адрывацца ў ліку, а крочылі літаральна мяч у мяч. На перапынак клубы пайшлі пры ліку 13:12 на карысць армейцаў. Пасля антракту малюнак гульні не змяніўся, і фінальная сірэна зафіксавала на табло нічыйны вынік 26:26. Лёс двубою вызначыла серыя пенальці, у якой больш дакладныя былі мясцовыя гандбалісты. У матчы за трэцяе месца гарадзенскі «Кранон» быў мацнейшы за «Гомель» 30:28. У наступны ўік-энд усе гэтыя каманды збяруцца ў Гомлі, дзе выявяць пераможцу Кубка краіны.

Тэніс

На буйным тэнісным турніры ў партугальскім Эштурыле засталося правесці толькі адзін, фінальны двубой. За ганаровы трафей паспрачаюцца прадстаўнік Люксембургу Жыль Мюлер ды іспанец Паблё Карэннё Буста.

У адным з паўфіналаў на корце сышліся два прадстаўніка Пірэнеяў: 21-я ракетка свету Карэннё Буста і Давід Фэрэр, які ў планетарным табелі аб рангах – на 31-й пазіцыі. Упартай барацьбы не атрымалася, і Паблё перамог апанента ў двух сэтах з аднолькавым лікам 6:3. У асабістым супрацьстаянні супернікаў – нічыя 1:1. У іншай сустрэчы ½ фіналу сышліся Мюлер і паўднёваафрыканец Кевін Андэрсан. Гэты двубой быў цікавейшы паводле напалу, а вікторыя была на баку Жыля 7:5, 6:4. За амаль гадзіну і 40 хвілінаў Мюлер зрабіў 8 эйсаў, адзін раз памыліўся пры падачы і зрэалізаваў 3 брэйк-пойнты.