Агляд спартовых навінаў


Хакей

Плэй-оф Кубка Стэнлі працягнуўся чарговымі матчамі. У двух супрацьстаяннях агульныя лічбы 2:1 на карысць «Манрэалю» і «Эдмантану», якія, адпаведна, былі мацнейшыя за «Рэйнджэрз» і «Сан-Хасэ».

За крок ад выхаду ў наступную стадыю спыніліся «Пітсбург» і «Сэйнт-Луіс. «Пінгвіны» ў оўвэртайме ў гасцях здолелі даціснуць «Каламбус» 5:4. Становішча «Блю Джэкетс» перад трэцім матчам серыі з «Пітсбургам» было практычна крытычнае. Дзве паразы ў гасцях не пакінулі дружыне Джона Тартарэлы іншых варыянтаў, акрамя як перамагаць на сваім лёдзе. Аднак статыстычныя выкладкі былІ для «Блю Джэкетс» абсалютна бязрадасныя. У 12-ці гульнях плэй-оф у клубнай гісторыі каманда зазнала 10 паразаў, прычым шэсць з іх – у матчах з «Пэнгўінз». Больш за тое, «Каламбус» ні разу не прапускаў у гульнях плэй-оф менш за тры шайбы ды ні аднойчы не перамагаў у іх у асноўны час. «Блюзмены» на сваім лёдзе не пакінулі шанцаў «Мінэсоўце», 3:1. Пераможцы гэтых матчаў у сваіх серыях вядуць з лікам 3:1.

Формула 1

Прадстаўнік «Фэрары» немец Зэбаст’ян Фэтэль лідараваў на трэцім этапе чэмпіянату свету ў класе аўтаў «Формула-1» – Гран-пры Бахрэйну. Гэтая вікторыя стала для яго 44-й у карʼеры і трэцяй на трасе ў Сахіры. Столькі ж перамог у Бахрэйне – толькі ў Фэрнанда Алёнса.

«Каманда выдатна папрацавала – з самага старту я адчуваў, што балід вельмі хуткі. Пры канцы я кантраляваў тэмп, хоць на апошніх колах Льюіс і ўяўляў невялікую пагрозу. Сезон доўгі, так што я не думаю пра сітуацыю ў чэмпіянаце, а проста атрымліваю задавальненне ад гонак. Шчыра дзякую камандзе, хлопцы ўдзень і ўначы напружана працавалі на базе ды трасе. Прыемна бачыць, што гэта прынесла плён», – кажа Зэбаст’ян Фэтэль.

Услед за Фэтэлем месцы на подыуме акупавалі прадстаўнікі «Мерседэсу»: Льюіс Гэмілтан – другі, замкнуў тройку Вальтэры Ботас. У гэты ж калейнасці рэйсэры размяшчаюцца і ў агульным заліку. Фінішаваўшы другім, Гэмілтан апярэдзіў Алена Проста паводле ліку подыумаў за карʼеру. Брытанец займае другі радок (у яго іх 107), а на першым месцы – Міхаэль Шумахэр (155 подыумаў). У Кубку канструктараў трыа лідараў выглядае так: «Фэрары», «Мерседэс», «Рэд Бул». У гэтым месяцы ўбачым мы яшчэ адну гонку сезону. На 30-га красавіка запланаванае Гран-пры Расеі, якое будзе праходзіць на трасе ў Сочы.

Футбол

Двума матчамі скончыўся 29-ы тур чэмпіянату Нямеччыны па футболе, а перамогі ў іх атрымалі гаспадары. «Вэрдэр» на сваім полі нанёс паразу 2:1 «Гамбургу», а аўтсайдар першынства «Дармштат» з такім самым лікам нечакана быў мацнейшы за «Шальке».

Ачольвае Бундэслігу па-ранейшаму «Баварыя», якая ў цяперашнім туры распісала гасцявую нулявую нічыю з «Баерам». Гэты тыдзень каманда Карла Анчэлёцці наўрад ці зможа занесці сабе ў актыў. Пасля паразы ў Лізе чэмпіёнаў ад мадрыдскага «Раэлу» мюнхенцы не дабіліся перамогі і ва ўнутраным першынстве. «Ляйпцыг», што пакуль зарэзерваваў за сабою другі радок у чэмпіянаце, у гэтым туры дома паздзекаваўся з «Фрайбургу», які размяшчаецца на шостым месцы. Гаспадары вынеслі апанента з разгромнымі 4:0, а галы на свой рахунак запісвалі Поўльсэн, Вэрнэр, Кеіта і Дэмэ. Для «Фрайбургу» гэтая вікторыя сталася ўжо чацвёртаю запар. Замыкае тройку табліцы ў Бундэслізе «Гофэнгайм».

Тэніс

Вольга Гаварцова стала пераможцаю тэніснага турніру ў ЗША. У фінале яна нанесла паразу гаспадыні кортаў Амэндзе Анісімавай 6:3, 4:6, 6:3. У рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі, які арганізацыя абнародавала сёння, Гаварцова ўзнялАся на 43 пазіцыі ды цяпер займае 147-е месца. Найлепшая з беларусак – Аляксандра Сасновіч, у яе – 96-ы радок планетарнага спісу. Першая тройка рэйтынгу засталася без зменаў: Анжэлік Кербэр, Сэрына Ўільямз, Караліна Плішкава.