Агляд спартовых навінаў


За крок да трафею

Піцерскаму СКА засталося зрабіць адзін крок для таго, каб сёлета стаць уладальнікам Кубка Гагарына. На сваёй пляцоўцы армейцы ў чацвёртым матчы фінальнай серыі сустракаліся з магнітагорскім «Металургам».

Гэтым разам СКА атрымаў валявую вікторыю 3:2, а ўсе шайбы ў гаспадароў былі на рахунку абаронцаў. Двойчы госці выходзілі наперад, аднак дзякуючы шайбе Андрэя Зубарава, дублю Дзінара Хафізуліна армейцы здолелі не толькі аднавіць раўнавагу на табло, але і вырваць перамогу. У «магніткі» узяцці брамы на свой рахунак запісалі Віктар Анціпін і Оскар Осала. Адзначу, што пераможную шайбу піцерцы закінулі ў большасці пасля выдалення Даніса Зарыпава, за атаку гульца, які не валодаў шайбаю. Пацярпелы аказаўся Вадзім Шыпачоў, а сам эпізод аказаўся даволі спрэчны. Аднак пасля матчу галоўны арбітр КХЛ Аляксей Анісімаў выказаў задавальненне працаю арбітраў матчу. Лік у серыі да чатырох вікторыяў стаў 3:1 на карысць СКА, а наступны, магчыма, апошні двубой супрацьстаяння адбудзецца заўтра ў Магнітагорску.

Кваліфікацыя за Ботасам

Фінскі рэйсэр з каманды «Мэрсэдэс» Вальтэры Ботас стаў пераможцам кваліфікацыі чарговага этапу чэмпіяната свету ў класе аўтаў «Формула 1» «Гран-пры Бахрэйну». Для яго гэты поўл стаў першы ў прафесійнай кар’еры.

Таксама з першага шэрагу разам з Ботасам будзе стартаваць ягоны напарнік з каманды Льюіс Гэмілтан, які саступіў пераможцу толькі дзве сотыя секунды. С другога гонку пачнуць ЗэбАст’ян Фэтэль з «Фэрары» і Дэньел Рык’ярдо з «Рэд Булу». Адпаведна са статыстыкаю кваліфікацыі на трасе ў Сахіры не мае прынцыповага значэння: за апошнія 10 гадоў уладальнікі поўлу толькі тры разы выгульвалі самое Гран-пры Бахрэйну. У агульным заліку пілотаў лідаруюць Фэтэль і Гэмілтан, на рахунку якіх па 43 балы, за імі крочаць Вэрстапэн і Ботас. У Кубку канструктараў першая тройка наступная – «Мэрсэдэс», «Фэрары», «Рэд Бул». Заўтра старт Гран-пры Бахрэйну адбудзецца а 17:50.

Вынікі туру Беларусі па футболу

Чарговымі матчамі скончыўся сёння трэці тур футбольнага першынства краіны ў эліце. Жодзінскае «Тарпеда» дома з мінімальнымі 1:0 перамагло сталічнае «Дынама». З такім жа лікам «Шахцёр» у гасцях выгуляў у «Менску», «Слуцк» на выездзе саступіў «Нёмну» 1:2. Яшчэ два двубоі скончыліся з лічбамі 2:0 – «Гомель» быў мацнейшы за «Славію», а «Гарадзея» за «Іслач».

Рыхтаванне да першынства

Нацыянальная хакейная зборная Беларусі працягвае рыхтаванне да Чэмпіянату свету. Гэтым разам спарынг-партнёрам нашай каманды была нямецкая дружына. Першы матч паміж гэтымі калектывамі адбыўся ў Жлобіне і скончыўся перамогаю нашых хакеістаў 3:1.

Лік у сустрэчы адкрылі на 13-ай хвіліне, вызначыўся Сяргей Дрозд. Аднак яшчэ да перапынку госці здолелі аднавіць праўнавагу намаганнямі Морыца Мюлера. У другой дваццаціхвілінцы мы выдатна скарысталіся выдаленнем у суперніка, а колькасную перавагу ў закінутую шайбу ў нас ператварыў Аляксандр Когалеў. А кропку ў матчы паставіў Яўген Лісавец, які паразіў браму немцаў на 36-ай хвіліне гульні. Другая сустрэча паміж гэтымі апанентамі адбылася ўжо сёння, аднак каманды змянілі дыслакацыю і перабраліся ў Бабруйск. Тут для нас два перыяды не задаліся, пасля якіх мы саступалі 0:2. У трэцім…

Сусветнае першынство для нас стартуе пятага траўня, калі ў Парыжы дружына Дэйва Льюіса згуляе з камандаю Фінляндыі.