Агляд спартовых навінаў


Кітай з Гэмільтанам

Льюіс Гэмілтан стаў пераможцам другога этапу чэмпіянату свету ў класе аўтаў «Формула 1» «Гран-пры Кітаю». Другім да фінішу прыйшоў нямецкі пілот «Фэрары» Зэбастян Фэтэль, замкнуў тройку наймацнейшых галандзец Макс Вэрстапэн з «Рэд Булу». 19-цігадовы Макс умудрыўся здзейсніць сапраўдны цуд: на трэці радок ён прабіўся з 17-ай пазіцыі стартавага поля.

Льюіс упэўнена стартаваў першы і захаваў лідарства да канца гонкі. Заваяваўшы Гран-пры Кітаю, Гэмілтан 106-ты раз у сваёй кар’еры ўзняўся на подыум і дагнаў француза Алена Проста. Рэкорд Міхаэля Шумахэра – 155 вікторыяў – пакуль застаецца недасяжны.

А вось да фінішу ў Шанхаі дабраліся толькі 15 балідаў з 20-ці, што стартавалі: некаторыя пакінулі спаборніцтвы пасля аварыяў, некаторыя праз праблемы з аўтамі. Пасля гэтай вікторыі ў агульным заліку Гэмілтан дагнаў Фэтэля, і яны цяпер маюць па 43 пункты, за імі крочаць Макс Вэрстапэн і Вальтэры Ботас. У Кубку канстурктараў лідаруе «Мэрсэдэс», маючы 68 балаў, на 3 адстае «Фэрары», трэці радок і 37 пунктаў у «Рэд Булу». Паўза ў «Формуле» доўга не парцягнецца, бо трэці этап кубка каралеўскіх гонак запланаваны на 16-га красавіка, на трасе ў Сахіры адбудзецца Гран-пры Бахрэйну.

Беларускі – бронзавыя прызёркі ЧЕ

Жаночая зборная Беларусі па валейболе, узрост гульцоў не перавышае 18 гадоў, заваявала бронзавыя медалі юніёрскага чэмпіянату Еўропы, які праходзіць у Галандыі. У матчы за трэцяе месца мы перамаглі каманду Сербіі 3:2. Нагадаю, што дзякуючы такому выніку мы атрымалі пуцёўку і на чэмпіянат Свету, які пройдзе ў Аргентыне сёлета ў жніўні.

Застаемся ў гэтай тэме, але перанясемся ў Беларусь. Фінальная серыя ў мужчынскім чэмпіянаце пакуль праходзіць пад дыктоўку адной з камандаў. Салігорскі «Шахцёр» дамінуе ў супрацьстаянні з менскім «Будаўніком» і пасля дзвюх сустрэчаў мае стоадсоткавы паказнік – дзве перамогі. Гэтыя два двубоі праходзілі ў Салігорску, бо гарнякі» занялі першы радок на папярэднім этапе і атрымалі перавагу сваёй пляцоўкі. У першай сустрэчы «Шахцёр» перамог усухую 3:0, сёння былі мацнейшыя 3:1. Цяпер фінальная серыя да трох перамогаў пераязджае ў Менск, трэці двубой адбудзецца 14-га красавіка.

Перамога над Аўстрыяй

Тенісная зборная нашай краіны за крок ад таго, каб праз 10 гадоў вярнуцца ў сусветную эліту. Нашая дружына атрымала агульную перамогу 3:1 над аўстрыйцамі ў матчы другога раўнду першай групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэйвіса.

Пасля двух дзён спаборніцтваў пры аншлагу ў сталічным палацы тэнісу лік быў 2:1 на нашую карысць і для агульнай вікторыі нам неабходна было сёння перамагчы ў адной з дзвюх запланаваных адзіночных сустрэчаў. Ілля Івашка вырашыў не адцягваць справы на другі матч, а прыклаў усе намаганні, каб выгуляць свой двубой. Беларус за дзве гадзіны і 40 хвілінаў нанёс паразу Джэралду Мэльцэру – 7:6, 3:6, 6:3, 6:1. Цікава, што апошнія 12 геймаў ён выгуляў з лікам 11:1. У выніку лік стаў 3:1 на нашую карысць, і аўстрыйцы адмовіліся ад яшчэ адной нічога невырашальнай адзіночкі. У сярэдзіне верасня беларусы згуляюць у плэй-оф за права прабіцца ў Сусветную групу. Нашае найлепшае дасягненне ў Кубку Дэйвіса – выхад у 2004-ым годзе ў паўфінал турніру, дзе мы ў гасцях саступіла зборнай ЗША – 1:4.