Агляд спартовых навінаў


Двума эстафетнымі гонкамі скончыўся сёння восьмы этап Кубка свету па біятлоне, што прымаў фінскі Контыёлахці. Беларускі квартэт у складзе Ірыны Крыўко, Надзеі Пісаравай, Дзмітрыя Абашава і Максіма Вараб’я ў суперміксце фінішаваў адзінаццатым.

Біятлон: Кубак свету

Цікавай аказалася адзіночная змяшаная эстафета, дзе ў хадзе гонкі шмат камандаў прэтэндавала на перамогу, аднак у выніку вікторыя дасталася аўстрыйскім лыжнікам са стрэльбаю. Ліза Тэрэза Гаўзэр і Зыман Эдэр патрацілі 5 дадатковых патронаў і паказалі час 31 хвіліна і 33 сотыя секунды. Другі радок – у прадстаўнікоў Злучаных Штатаў Амерыкі Сьюзан Данклі ды Лоўэла Бэйлі, замкнулі тройку немцы Ляўра Дальмаер і Роман Рээс. Нашыя суайчыннікі Дар’я Юркевіч і Сяргей Бачарнікаў скарысталіся шасцю дадатковымі патронамі ды адсталі ад пераможцаў амаль на адну хвіліну і 40 секундаў, заняўшы ўрэшце толькі 15-ы радок.

Кубак Беларусі па футболе

Двума першымі матчамі стартавала сёння чвэрцьфінальная стадыя Кубка Беларусі па футболе. Цікавым паводле напалу аказаўся двубой у нашай сталіцы, дзе менскае «Дынама» не ўтрымала перавагі над аднаклубнікамі з Берасця, а выніковыя лічбы на табло – нічыя 2:2.

На полі сталічнага клубу «Менск», дзе адбылася сустрэча, у першым тайме саліравалі мясцовыя дынамаўцы ды яшчэ да перапынку двойчы прымусілі капітуляваць берасцейцаў: мячы – на рахунку Кірыла Прамудрава і Ніно Галовіча. Пасля антракту госці здолелі зрабіць камбэк і адгуляліся намаганнямі легіянераў Джоўэла Фамэе і Чыдзі Асучукву. Яшчэ адзін матч гэтай жа стадыі скончыўся прадказальна. Клуб другога дывізіёну, гомельскі «Лакаматыў», ня змог стварыць канкурэнцыі салігорскаму «Шахцёру» і зазнаў паразу з сухімі 0:3. Усе мячы былі збітыя ў другім тайме, дубль у гарнякоў – на рахунку Дзяніса Лапцева, яшчэ адным голам вызначыўся Ілля Алексіевіч. Матчы ў адказ адбудуцца 18-га сакавіка.

Тэніс

Экс-першая ракетка свету, двухразовая пераможца адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе Вікторыя Азаранка абвесціла сёння, што пачынае супрацу з новым трэнерам. Ім стаў Майкл Джойс, які раней працаваў з расяянкаю Марыяй Шарапавай. Нагадаю, што Вікторыя ў снежні нарадзіла сына, а вярнуцца на корт плануе ўжо гэтым летам.

Застаемся ў тэме тэнісу. Першая ракетка свету Эндзі Мары пакідае корты буйнога турніру Эй-Ты-Пі ў амерыканскім Індыян-Ўэлзе, прызавыя якога складаюць амаль 7 мільёнаў долараў. Брытанец у другім коле спаборніцтваў сенсацыйна саступіў канадцу Вашэку Поспішылу 4:6, 6:7. Адзначу, што Вашэк прабіўся ў асноўную сетку праз сіта кваліфікацыі, а ў планетарным спісе ён – толькі на 129-м радку. За адну гадзіну і 51 хвіліну, што працягвалася сустрэча, канадзец выканаў 5 эйсаў, двойчы памыліўся пры падачы і зрэалізаваў 4 брэйк-пойнты. Наступным супернікам Поспішыла будзе серб Душан Лаёвіч.