Агляд спартовых навінаў 30.12.2016


Хакей

Менскае «Дынама» не дало рады прабіцца ў галоўны фінал 90-га з ліку, найстарэйшага на кантыненце клубнага хакейнага турніру – Кубку Шпэнглера. У 1/2-й у пятніцу «зубры» паўторна сёлета згулялі з камандаю Канады, але, пасля перамогі над паўночнаамерыканцамі 7:4 на старце, гэтым разам вымушаныя былі саступІць 1: 3 і прапусціць у вырашальны двубой супернікаў. «Дынама» другі раз было запрошанае ў швейцарскі Давос. Першы ж візіт, нагадаю, аказаўся шчаслівым, калі ў 2009-м пад кіраўніцтвам Аляксандра Андрыеўскага менчукі выгулялі прэстыжны трафей.

Расея першаю не будзе

Зборная Расеі, віцэ-чэмпіён свету сярод моладзевых зборных па хакеі з шайбаю, пацярпела ўжо другую паразу на сёлетнім сусветным першынстве для 20-цігадовых і маладзейшых гульцоў, якое прымаюць канадскія Манрэаль і Таронта. Гэтым разам нашыя ўсходнія суседзі былі слабейшыя за Злучаныя Штаты, згуляўшы з імі ўнічыю ў першым перыядзе 1:1, і скараціўшы да мінімуму – 2: 3 – перавагу «зорна-паласатых» у другім. А ў заключнай дваццаціхвілінцы нікому не ўдалося прыціснуць суперніка, і гульня так і скончылася. Расея трэцяя ў падгрупе В. Лідаруюць Канада і ЗША са стоадсоткавымі дзевяццю пунктамі пасля трох тураў і паміжсобку паўночнаамерыканцы згуляюць 31-га снежня, у апошні дзень групавых турніраў. Квінтэт А аднаасобна ачольвае Швецыя з трыма перамогамі. Больш за тое, «Трэ крунур» адзіныя ў падгрупе, якія маюць станоўчую розніцу закінутых і прапушчаных шайбаў.

СКА цярпіць другую паразу запар

У Кантынентальнай хакейнай лізе другую запар паразу зазнаў санкт-пецярбургскі СКА, абсалютны лідар сезону. Гэтым разам армейцы не далі рады ў хатнім двубоі з яраслаўскім «Лакаматывам», які перад тым забраў пункты яшчэ і ў ЦСКА ў Маскве. Хіба што, гэтым разам, перамога чыгуначнікаў была зафіксаваная ў асноўны час. Валжане па-ранейшаму чацвёртыя ва Усходняй Канферэнцыі, апярэджваючы пераследніка – менскае «Дынама» ўжо на пяць пунктаў. Праўда, «зубры» згулялі на дзве сустрэчы менш. СКА таксама на дзве гульні саступае пераследніку ЦСКА і апярэджвае маскоўцаў на тры пункты. У авангардзе Усходняй Канферэнцыі двухразовы і дзейны ўладальнік Кубка Гагарына – магнітагорскі «Металург». «Сталявары», нечакана саступіўшы на пачатку снежня ў серыі булітаў дынамаўцам Рыгі ў сталіцы Латвіі, затым тройчы запар выгульвалі, у тым ліку і ў Менску. А пасля пайшлі чаргаваць поспехі з няўдачамі. Апошняю зафіксаваная перамога – ва ўфімскім матчы супраць «Салавата Юлаева» з лікам 5: 3, калі госці ні разу не далі супернікам павесці, дазволіўшы ім толькі нічыю – 3: 3. «Магнітагорск» на шэсць пунктаў апярэджвае другую каманду Усходу – «Авангард» з Омскай вобласці і мАе пры гэтым адзін двубой у запасе.

Тэніс

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч можа быць адзінаю прадстаўніцаю нашай краіны на першых у годзе спаборніцтвах Жаночай тэніснай асацыяцыі, якія прымае аўстралійскі Брысбан і пераможцаю якога двойчы станавілася Вікторыя Азаранка: на першым такім турніры ў 2009 годзе і, пакуль, на апошнім, у 2016-м. У стартавым коле кваліфікацыі Сасновіч, якая мае 123-яе месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла 26-цігадовую амерыканку Ірыну Фальконі, сеяную ў папярэднім раўндзе пад пятым нумарам: 7:5, 6:4. У Фальконі было 99-е месца ў планетарным табелі аб рангах. Другое кола Аляксандра згуляе супраць іншай амерыканкі, на год маладзейшай за стартавую канкурэнтку, Э́йжы Мугамад.

Ўільямз нарэшце вызначылася

Другая ракетка свету паводле версіі Жаночай тэніснай асацыяцыі 35-цігадовая Сэрына Джаміка Ўільямз абвесціла аб зарУчынах з 33-хгадовым інтэрнэт-прадпрымальнікам, адным з сузаснавальнікаў сацыяльнай навінавай сеткі «рэдыт», грамадзянінам ЗША з армянскімі каранямі Алексісам Агэньянам. Які потым прызнаўся, што зрабіўся самым шчаслівым чалавекам у свеце. Таксама Ўільямз паведаміла, што яны ўпершыню сустрэліся ў Рыме за адным сталом яшчэ летась, але дачыненні захоўвалі ў таямніцы, таму сённяшняя заява Сэрыны стала поўнай нечаканасцю і сюрпрызам для яе прыхільнікаў.

Аляксандр Пуціла, belsat.eu