Агляд спартовых навінаў 29.06.2016


Гандбол

Гандбалісткі «Гомля» даведаліся пра сваіх суперніц у першым кваліфікацыйным раўндзе жаночай Лігі чэмпіёнаў. Сёння ў штаб-кватэры Еўрапейскай федэрацыі гэтага віду спорту ў Вене прайшло лёсаванне, адпаведна якому ўладальніцы золата нашага нацыянальнага першынства трапілі ў 2-ю кваліфікацыйную групу. У стартавым матчы «Гомель» 10 верасня згуляе з гаспадынямі турніру – нямецкім «Лейпцыгам». Калі гамяльчанкі выгуляюць, то затым сустрэнуцца з пераможцам матчу паміж «Гіпа» (Аўстрыя) – «Балёмана« (Іспанія) за месца ў групавой стадыі галоўнага кантынентальнага турніру.

Тэніс

Стэн Ваўрынка не без цяжкасцяў, але пераадолеў стартавае кола «Ўімблдане». Швейцарац, пятая ракетка свету, у чатырох сэтах нанёс паразу менш дасведчанаму апаненту са Злучаных Штатаў Амерыкі.

Пабачым мы ў другім коле і гаспадара кортаў Эндзі Мары. Брытанец, другая ракетка свету, у стартавым матчы разабраўся са сваім суайчыннікам Ліямам Броўдзі, які ў планетарным табелі аб рангах месціцца ў трэцяй сотні. У другім коле «мэйджара» Мары пазмагаецца з тайванцам Ень-Хсунь Лу.

Футбол

Бронзавая статуя легендарнага футбаліста «Барсэлоны» і зборнай Аргентыны Льёнэля Мэсі ўсталяваная ў Буэнас-Айрэсе. Цырымонія адкрыцця адбылася ў гарадскім порце, а мэр гораду Арасьё Радрыгес Ларэта папрасіў зорку сусветнага футболу змяніць сваё рашэнне і працягваць выступаць за зборную. Нагадаю, што дружына Аргентыны ў пенальці саступіла ў фінале Кубка Амерыкі, сам Мэсі не забіў 11-метровага ўдару, а пасля заканчэння сустрэчы абвесціў пра сыход са зборнай.