Агляд спартовых навінаў 28.06.2016


Футбол

Вызначыліся матчы чвэрцьфіналістаў Еўра-2016. Першыя ў барацьбу тут уступяць зборныя Польшчы ды Партугаліі, іх двубой адбудзецца ўжо ў чацвер у Марселі. На наступны дзень наймацнейшага высветляць Ўэльс і Бельгія. У суботу адбудзецца сустрэча Нямеччына–Італія, што па сваёй афішы дакладна магла б прэтэндаваць і на фінальную спрэчку. Апошнімі ўдзельніка паўфінальнай стадыі высвятляць у нядзелю Францыя ды Ісландыя.

І толькі Англія можа дазволіць сабе двойчы за тыдзень выйсці з «Еўра». Пасля таго, як краіна пакінула Еўразвяз, футбольная зборная Англіі скончыла свой выступ на чэмпіянаце Еўропы ўжо на стадыі 1/8-ай фіналу. Руні і кампанія саступілі сціплай Ісландыі 1:2. Пасля трох тураў групавой стадыі ісландская казка заваражыла ўсіх.

Тэніс

З перамог пачалі свае выступы на турніры серыі «Вялікага шлема» «Ўімблдан» лідары рэйтынгу Эй-Ты-Пі. Першая ракетка свету Новак Джокавіч у першым коле нанёс паразу брытанцу Джэймзу Ўорду.

Трэці ў сусветным спісе Роджэр Фэдэрар у трох сэтах быў мацнейшы за аргентынца Гуіда Пэллю. Далей ягоным апанентам стане брытанец Маркус Ўіліс.

Фота – denverpost.com