Агляд спартовых навінаў


Хакей

Відаць, не хітраваў галоўны трэнер моладзевай зборнай Беларусі па хакеі з шайбаю Юрый Файкоў, калі казаў, што на чэмпіянаце свету ў Злучаных Штатах каманда дадае ад гульні да гульні. Толькі рэгламент турніру не дазваляе, каб іншыя каманды чакалі, пакуль адная набярэ патрэбную кандыцыю ды ўрэшце ўсіх пераможа.

Заключны матч групавога турніру супраць Чэхіі стаўся самым станоўчым для беларускай моладзевай каманды ў Бафалаў. Нашыя ўпершыню адкрылі лік і агулам закінулі ажно пяць шайбаў. Але ўвесь час даганяючы чэхаў, задалёка іх адпусцілі напрыканцы другога перыяду, пайшоўшы ў мінус тры шайбы. І Беларусь цуду пераўтварэння не зазнала. Параза 5:6, і цяпер усе сілы – на выкананне галоўнага задання, захаваць месца ў найвышэйшым дывізіёне. У як мінімум двух матчах за выжыванне сысціся давядзецца найхутчэй з Даніяй, калі яна раптам не адолее сёння Славаччыны. Двубоі адбудуцца 2-га, 4-га і, калі спатрэбіцца, 5-га студзеня. Слабейшы саступіць месца ў эліце Казахстану.

Футбол

Ужо знакаміты Дзень падарункаў, калі на наступны дзень пасля Калядаў галопам да радасці гледачоў на фоне працоўных будняў футбалістаў гуляецца некалькі тураў англійскай футбольнай Прэм’ер-лігі. І вельмі нячастая зʼява, калі лідарам удаецца прайсці гэты своеасаблівы калядна-навагодні спурт без страты пунктаў.

Пакуль з элітнай пяцёркі па два матчы ўдалося выгуляць «Чэлсі» і «Ліверпулу», якія выступалі ўдома. І зрабілі гэта хвацка. «Арыстакраты» перамаглі супернікаў з агульнаю розніцай мячоў 7:0, у мэрзісайдаўцаў – 7:1. А вось хвалены «Манчэстэр Сіці» – што праўда, на выездзе – не здолеў перагуляць 17-ай каманды лігі «Крыстал Пэлас», які, нават змучаны цяжкім боем у папярэднім туры з «Арсеналам», не дазволіў лідару вызначыцца. А што і самыя голу не забілі – гэта справа другая. Зусім не навагодні і зусім не падарунак «гараджанам» – перарваная серыя з 18-ці перамогаў запар. Больш за тое, на сайце Прэмʼер-лігі гэтую сітуацыю падаюць гэтак, што каманда Роя Годжсана вымушаная была здаволіцца толькі пунктам. Як бы там ні было, «Сіці» пасля 21-га туру на цэлых 14 пунктаў апярэджвае «Чэлсі».

Фотаздымак на застаўцы да відэа IIHF