Агляд спартовых навінаў


Фрыстайл

Другі этап Кубка свету па фрыстайле прыносіць камандзе Беларусі чарговы медаль. Гэтым разам у тым жа кітайскім гарналыжным цэнтры на п’едэстал узняўся Антон Кушнір.

Алімпійскі чэмпіён Сочы набраў агулам 123 цэлыя і 34 сотыя балы, і гэта прынесла яму бронзавы медаль. Найлепшым тут стаў прадстаўнік Паднябеснай Цзя Цзун Ян, які апярэдзіў беларуса крыху больш чым на тры пункты. Нагадаю, што на першым этапе, які таксама праходзіў у Кітаі, Кушнір быў толькі 27-мы, а Максім Гусцік, які заваяваў тады срэбра, сёння фінішаваў толькі на 13-ай пазіцыі.

У спаборніцтвах прыгожай паловы гэтым разам нашая каманда засталася без медалёў. Найлепшай з беларусак стала трыумфатарка першага этапу Ганна Гуськова, цяпер яна размясцілася на сёмым радку. Алімпійская чэмпіёнка Сочы Ала Цупер паказала дзявяты вынік, а золата заваявала аўстралійка Дэньел Скот.

Хакей

Нацыянальная хакейная зборная Беларусі правяла два хатнія таварыскія двубоі супраць каманды Казахстану. У першым на пляцоўцы ў Маладзечне дружына Дэйва Льюіса разграміла апанента ўсухую 3:0, а сёння на сталічнай Чыжоўка-Арэне мы таксама былі мацнейшыя – 2:1.

Біятлон

Апошні дзень трэцяга этапу Кубка свету па біятлоне ў французскім Ансі прынёс у нашую скарбонку срэбраны медаль. У гонцы з масавым стартам наша Ірына Крыўко была дакладная на ўсіх лініях агню і ў выніку даволі нечакана фінішавала другой. Перамагла францужанка Жустын Брэзаз, замкнула тройку немка Ляўра Дальмаер. У мужчынскім масавым старце беларусы ўдзелу не бралі, а першая тройка наступная – Мартэн Фуркад, Ёганэс Бё, Э́рык Лесэр. Наступны этап стартуе ўжо ў новым годзе 4-га студзеня ў нямецкім О́бэргофе.