Агляд спартовых навінаў 25.01.2017


Хакей

Менскае «Дынама» пакрысе замацоўваецца ў ліку будучых удзельнікаў Кубка Гагарына – накаўт-раўнду Кантынентальнай хакейнай лігі. Праўда, шырокімі крокі не атрымліваецца. Чарговы пункт страчаны ў хатнім двубоі супраць «Аўтамабіліста» з Екацярынбургу, які ўдалося перагуляць толькі ў оўвэртайме.

Біятлон

Ніжнясілезскае польскае мястэчка Душнікі-Здруй толькі зʼявілася на мапе сусветнага біятлону, але, паводле бурмістра гэтай курортнай мясціны Пятра Левандоўскага, ужо марыць стаць новым прэтэндэнтам на правядзенне этапу Кубка свету па біятлоне. У сераду там стартаваў чэмпіянат Еўропы, які адкрылі індывідуальныя гонкі мужчынаў і жанчын.

Аўтагонкі

86-гадовы мультымільярдэр Бэрні Эклстоўн, якога, з ягоных словаў, зрынулі з пасады першай асобы ў самай прэстыжнай аўтагонкавай серыі свету, будзе пры справах яшчэ два-тры гады. Але збольшага ў якасці ганаровага прэзідэнта «Формулы-1» – з правам прысутнічаць на гонках, але без магчымасці весці перамовы з арганізатарамі гран-пры, тэлебачаннем і займацца іншаю кіроўнаю дзейнасцю.

Фота: hcdinamo.by