Агляд спартовых навінаў


Баскетбол

З буйной паразы стартавала нашая мужчынская нацыянальная баскетбольная зборная ў сваім першым матчы адборачнага турніру да чэмпіянату свету – 2019. Прадказальна Круцікаў і кампанія прагулялі дзейным чэмпіёнам Старога Свету славенцам – 74:87.

Сустрэча праходзіла ў Любляне, а нашая каманда ўвесь час у гульні была ў ролі тых, хто даганяў. У кожнай з першых дзвюх чвэрцяў беларусы набіралі толькі па 12 балаў, у сваю чаргу апаненты – па 22 і 20, адпаведна. Зрабіўшы такі зачын, далей славенцы гулялі ўжо па ліку, не падпускаючы блізка суперніка. Адзначу, што з гэтым двубоі ў нас не было аднаго з лідараў каманды – Арцёма Парахоўскага, аднак дэбютаваў натуралізаваны амерыканскі разыграўца Маалік Ўэйнз. Ён, дарэчы, і стаўся ў нас самым выніковым, набраўшы 14 балаў. Наступны двубой адбору ў групе А мы правядзём ужо заўтра на паркеце сталічнага Палацу спорту супраць зборнай Чарнагорыі.

Хакей

Серыя булітаў спатрэбілася для выяўлення пераможцы ў матчы, у якім на «Менск-Арэне» сталічнае «Дынама» прымала аднаго з лідараў «Усходу» омскі «Авангард». Асноўны час скончыўся ўнічыю 2:2, а ў хакейнай латарэі ўдача была на нашым баку (вынік у відэа).

Формула-1

Пілот «Мерседэсу» Вальтэры Ботас перамог у кваліфікацыі апошняга, дваццатага этапу чэмпіянату свету ў класе аўтаў «Формулы-1» Ґран-пры Абу-Дабі. Гэты поўл стаўся для рэйсэра чацвёртым у кар’еры, а таксама і ў сёлетнім сезоне.

Таксама з першага шэрагу гонку на трасе Яс-Марына распачне ягоны напарнік са стайні брытанец Льюіс Гэмілтан, які, нагадаю, датэрмінова выгуляў сёлетні чэмпіянат каралеўскіх гонак. За імі на стартавым полі размесцяцца Зэбаст’ян Фэтэль з «Фэрары» ды прадстаўнік «Рэд Булу» Дэньел Рык’Ярдаў. Заўтра Гран-пры распачнецца а 16-ай гадзіне.