Аб'ектыў 16.11.2017 Агляд спартовых навінаў


Хакей

Сталічнае хакейнае «Дынама» сёння з перамогі распачало сваё чарговае трохматчавае выязное турнэ КХЛ. «Зубры» апынуліся ў самым далёкім пункце падарожжа ў межах лігі і ў Шанхаі адсвяткавалі сухую вікторыю 2:0 над «Кунь-Лунем».

Баскетбол

Чарговы хатні матч Кубка ФІБА-Еўропа прынёс вікторыю нашым баскетбольным «Цмокам». На паркеце сталічнага Палацу спорту Круцікаў і кампанія без праблемаў разабраліся з ізраільскім клубам «Бнэй Гэрцлія» 83:65.

Гандбол

Парадаваў перамогаю сваіх заўзятараў і Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова. У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату СЭГА-лігі каманда Сяргея Бябешкі нанесла паразу македонскаму «Металургу» 35:30. Адзначу, што госці выбралі цікавую тактыку на сустрэчу і гулялі падчас сваёй атакі без галкіпера, маецца на ўвазе, што ў атацы дзеялі ўсямёх.

Тэніс

Балгарын Грыгор Дымітраў забяспечыў сабе ўдзел у паўфінале выніковага чэмпіянату «ATP», што праходзіць у Лондане, прызавыя якога сёлета складаюць $ 8 млн. Шостая ракетка свету ў матчы групавога этапу аддаў бельгійцу Давіду Гафэну толькі два геймы і перамог 6:0, 6:2.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: hcdinamo.by

Глядзі таксама
Каментары