Агляд спартовых навінаў 24.05.2016


Футбол

Напачатку – пра наш родны нацыянальны футбол, дзе паводле календара праходзіць толькі дзявяты тур, а ўжо ёсць два пераносы матчаў. Такім чынам, цяпер чатыры дружыны згулялі менш матчаў, чым большасць. У аўторак адбудзецца перадапошні двубой 9-га туру чэмпіянату Беларусі па футболе ў найвышэйшай лізе. Уладальнік Кубка краіны – жодзінскі «Тарпеда-БелАЗ» – прыме «Белшыну» з Бабруйску.

Клуб «Айнтрахт» з Франкфурту-на-Майне захаваў сваё месца ў эліце нямецкага футболу і на наступны сезон. Матч плэй-оф у Нюрнбэрзе склаўся пераможна для франкфуртцаў, 1:0, хаця ў першым, хатнім, двубоі яны задаволіліся толькі нічыёй, 1:1. Нагадаю, па выніках сезону «Айнтрахт» заняў 16-е месца ў Бундэслізе, а «Нюрнбэрг» фінішаваў трэці ў другім дывізіёне чэмпіянату Нямеччыны.

Тэніс

Без імпэту распачала свой стартавы матч на адкрытым чэмпіянаце Францыі па тэнісе Вікторыя Азаранка. Нашая лідарка саступіла італьянцы Карын Кнап першы сэт, 3:6, пры тым што апенінка мае толькі 118-ы рэйтынг. Другую партыю Вікторыя вырвала на тайбрэку, але затым траўма калена гуляць не дазволіла і, саступаючы 0:4, Азаранка адмовілася ад далейшай барацьбы.

Хакей

У Кубку Стэнлі «Сан-Хасэ Шаркс» другі раз выйшлі наперад падчас фінальнага супрацьстаяння Заходняй Канферэнцыі з «Сэйнт-Луіс Блюз».

Фота – TUT.BY