Агляд спартовых навінаў


Беларускі футбол

Трыма матчамі на футбольных палях краіны скончыўся 27-мы тур чэмпіянату краіны ў найвышэйшай лізе.

У Берасці чакаўся цікавы двубой паміж суседзямі ў турнірнай табліцы – мясцовым «Дынама», якое на сёмым радку, і «Тарпеда-БелАЗ», жодзінцы займаюць шостую пазіцыю. У выніку з мінімальным лікам 1:0 перамога была на баку гаспадароў.

Дрэннае надвор’е зрабіла сваю справу, і хутка футбольнае поле нагадвала нейкае бруднае месіва. Хоць гаспадары і валодалі тэрытарыяльнай перавагай, аднак забіць у першым тайме ніводная з камандаў не здолела. Лёс сустрэчы вырашыў адзіны мяч, які на 77-ай хвіліне пасля пасу Арцёма Мілеўскага забіў Павел Няхайчык.

Яшчэ два матчы гульнёвага дня скончыліся таксама з лікам 1:0, а вікторыі ў іх атрымалі прыезджыя каманды. «Віцебск» у Мазыры, дзякуючы голу Рафаэла Лэдэсмы адсвяткаваў вікторыю над «Славіяй». Футбольны клуб «Менск» дома зазнаў паразу ад «Нёмну», у гарадзенцаў забітым мячом на 81-ай хвіліне вызначыўся з пенальці Павел Савіцкі.

Баскетбол

Адзіная Ліга ВТБ вяртаецца на сталічны паркет «Falcon Club Арене» БАЎА. Менскія баскетбольныя «Цмокі» правялі сёння няпросты двубой супраць «Пармы», а ў драматычнай канцоўцы ўсё ж здолелі перамагчы, хоць і з мінімальнаю розніцаю 66:65.

Па хадзе матчу ў ліку вялі гаспадары, аднак у чацвёртай чвэрці здолелі растранжырыць гэты запас і былі разгромленыя 21:10, аднак, на шчасце, гэтага «Парме» для агульнай перамогі не хапіла. Самым выніковым гульцом матчу стаў абаронца гасцей кодзі Мілер-Макінтайр, на рахунку якога 19 балаў. Для «Пармы» гэтая параза стала трэцяй у сёлетнім сезоне, а «Цмокі» атрымалі другую перамогу ў чатырох матчах Лігі. У турнірнай табліцы банкаўскага турніру мы займаем сёмы радок, пермякі пакуль на дзясятай пазіцыі.

Наступны двубой Круцікаў і кампанія правядуць ужо ў Кубку ФІБА, калі першага лістапада ў гасцях згуляюць з аўтсайдарам нашага квартэту клубам «Альба» з Вугоршчыны.

Тэніс

Каралін Вазняцкі, шостая ракетка свету, стала пераможцаю выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі, што скончыўся ў Сінгапуры. У фінальным двубоі, які працягваўся амаль паўтары гадзіны, датчанка перамагла пятую ў рэйтынгу ВТА амерыканку Вінус Ўільямз у двух сэтах з аднолькавымі 6:4. Гэтая вікторыя стала для Вазняцкі першай на турніры такога ўзроўню. Каралін завершыць год на трэцім месцы рэйтынгу ВТА, а Ўільямз застанецца пятаю.