Аб'ектыў 28.10.2017 Агляд спартовых навінаў


Хакей

Сталічнае хакейнае «Дынама» трэцяю паразаю запар працягвае свой чарговы выязны ваяж КХЛ. Пасля 0:4 на старце гасцявога турнэ ад падольскага «Віцязя» і 1:4 ад маскоўскага ЦСКА цяпер «зубры» завіталі ў госці ў Фінляндыю, дзе таксама прагулялі ўжо мясцоваму «Ёкерыту» 0:2.

Акрамя таго, што мы не набралі ніводнага балу ў гэтых трох сустрэчах, «бела-блакітныя» да таго ж здолелі закінуць толькі адну шайбу, што ня можа не расчароўваць. На матч у Хельсінкі ў склад «Дынама» вярнуўся пасля дыскваліфікацыі асноўны галкіпер Юнас Энрат. Усе шайбы тут былі закінутыя ў першым перыядзе: спачатку на 14-ай хвіліне вызначыўся Браян О’Ніл, а праз 5 хвілінаў перавагу сваёй каманды падвоіў Пэтэры Віртанэн. За астатнія два перыяды «зубры» ня здолелі закінуць нават шайбы прэстыжу. Нагадаю, што сёлета ў жніўны на лёдзе «Менск-арэны» «Дынама» было разгромленае «Ёкерытам» 6:1. У турнірнай табліцы «Захаду» мы на дзясятым радку, а скончым гасцявое турнэ заўтра матчам з апошняю камандаю лігі – рыжскім «Дынама».

Тэніс

Каралінэ Вазняцкі – Вінус Ўільямз, менавіта такая афіша будзе ў фінальным матчы Выніковага турніру года Жаночай тэніснай асацыяцыі, які праходзіць у Сінгапуры, а прызавы фонд яго складае 7 мільёнаў долараў. Спачатку на корце дачыненні высвятлялі шостая ракетка свету Вазняцкі і Караліна Плішкава, якая ў рэйтынгу ВТА на трэцяй пазіцыі.

Першы сэт паказаў, што лёгкаю прагулянкаю гэты паўфінал ня будзе для абедзвюх спартовак. Тэнісісткі па чарзе бралі сваю падачу, а ў выніку справа дайшла да тайбрэйку, дзе перамога была на баку датчанкі 7:6. У другой партыі Вазняцкі дзеяла ўжо боль актыўна і давяла яе да вікторыі 6:3. Лік у асабістым супрацьстаянні спартовак стаўся таксама 6:3 на карысць Каралін.

Затым на корце мы ўбачылі другую паўфінальную пару, якую склалі пятая ракетка свету Вінус Ўільямз і восьмая ў планетарным спісе Каралін Гарсія. Тут першы сэт праходзіў паводле таго ж сцэнара, што і папярэдні двубой ½ фіналу. Мацнейшую выявілі толькі на тайбрэйку, а вікторыя была на баку францужанкі. Другую партыя за сабою пакінула ўжо амерыканка 6:2, а затым выгуляла і наступную – 6:3. Статыстыка Вінус – зрабіла 4 эйсы, 10 разоў памылілася пры падачы ды рэалізавала 4 брэйк-пойнты.

Футбол

Дзясяты тур у англійскай Прэм’ер-лізе распачаўся адразу матчам з гучнаю шыльдаю: «Манчэстэр Юнайтэд» – «Тотэнэм». Сустрэча адбылася на легендарным стадыёне «Олд Трэфард», куды, не зважаючы на дождж, прыйшлі крыху больш за 75 тысячаў гледачоў, якія ўбачылі два цалкам розныя ў стылістыцы гульні таймы.

Галоўную ролю ў зыходзе гэтага двубою адыгралі асноўныя нападнікі камандаў. Рамэлу Лукаку ў выніку праціснуў абарону «шпораў» і асіставаў Антані Марсьлю, які і забіў адзіны гол на 81-ай хвіліне. У сваю чаргу галеадор «Тотэнхэму» Гэры Кейн на полі не з’явіўся праз траўму, а ў ягоную адсутнасць партнёры часцяком не разумелі, каму аддаваць апошні пас, і гублялі мяч літаральна на завяршальнай стадыі атак. Нястача Кейна не дазволіла гасцям зарганізаваць годны фінальны штурм. У выніку «Юнайтэд» выйшаў на чыстае другое месца, маючы 23 балы. На 5 пунктаў яго па-ранейшаму апярэджвае «Манчэстэр Сіці», які сёння перамог «Ўэст Бромўіч» 3:2.

Глядзі таксама
Каментары