Агляд спартовых навінаў 22.06.2016


Футбол

Яшчэ ў дзвюх групах скончыўся папярэдні этап чэмпіянату Еўропы па футболе. З квартэту С пропуск у 1/8 фіналу атрымалі Нямеччына і Польшча. Дзейныя чэмпіёны свету 1:0 перамаглі Паўночную Ірландыю, а палякі з такім жа лікам былі мацнейшыя за Украіну. «Жоўта-блакітныя» пакуль найгоршая каманда першынства, якая не мае набраных балаў, а таксама не забівала галоў, але прапусціла 5 мячоў.

Плэй-оф

З групы D дакладна ў 1/8 фіналу мы ўбачым каманды Харватыі ды Іспаніі, якія міжсобку вызначылі ўладальніка пуцёўкі з першага месца. Гэта харваты, якія, саступаючы 0:1, усе ж такі даціснулі дзейных чэмпіёнаў Еўропы, 2:1. Спачатку здалося, што «шашачныя» занадта шмат на сябе бяруць. Яны было ўвязаліся ў бітву за кантроль мяча і тэрыторыі, але быць лепшымі за Іспанію ў гэтым аспекце нельга, што тая і паказала, хутка адкрыўшы лік. Аднак харваты знайшлі ў сабе сілы не толькі адгуляцца, але і перамагчы 2:1. У другім матчы квартэту даволі нечакана Турцыя не пакінула шанцаў дружыне Чэхіі, 2:0. Пасля дзвюх «сухіх» паразаў на старце чэмпіянату зборную Турцыі ўжо шмат хто паспяшаўся пахаваць. Аднак дружына Фатыха Тэрыма захавала магчымасць працягнуць далейшую барацьбу.

Завяршальны акорд

Групавы этап футбольнага першынства Еўропы скончыцца сёння ўвечары. Апошнімі пуцёўкі ў накаўт-раўнд разгуляюць каманды квартэту Е. Тут ужо вядомы адзін удзельнік 1/8 фіналу, які трапіў туды з першага месца. Гэта зборная Італіі, якая мае ўжо 6 балаў і пры любых раскладах апошняга туру застанецца лідаркай сваёй чацвёркі. Італьянцы сёння пазмагаюцца з Ірландыяй, у якой на рахунку толькі адзін пункт.

Фіналіст «Кубка Амерыкі»

Зборная Аргентыны стала першаю паўфіналісткаю Кубка Амерыкі па футболе, што прымае ЗША. У Г’юстане сышліся супернікі несупастаўляльнага ўзроўню, што і вылілася ў разгром гаспадароў турніру з боку Аргентыны, 4:0. Вынік сустрэчы быў шмат у чым прадвызначаны яшчэ падчас першага тайму. Лявэсі ды Мэсі сваймі галамі дапамаглі аргентынцам хутка аформіць камфортную перавагу ў ліку.

Фота – goal.com