Агляд спартовых навінаў


Тэніс

Жаночая тэнісная асацыяцыя апублікавала сёння чарговы рэйтынг-ліст, у якім беларуска Вера Лапко ўзнялася адразу на 39 пазіцыяў і цяпер займае 128-мы радок.

Аўтагонкі

Рэйсэр стайні «Мэрсэдэс» Льюіс Гэмілтан стаў пераможцам чарговага этапу чэмпіянату свету ў класе аўтаў «Формула 1» Гран-пры ЗША. Вікторыя на трасе ў Остыне сталася для яго дзявятай па хадзе сёлетняга сезону, і тым самым ён зрабіў добры крок да чацвёртага для сябе чэмпіёнскага тытулу.

Футбол

Матчам паміж «Вольфсбургам» і «Гофэнгаймам» скончыўся дзявяты тур у нямецкай Бундэслізе. У першым тайме быў сумны футбол, нават не забілі з пенальці, калі яго не зрэалізаваў Максімільян Арнальд. Асноўныя падзеі тут разгортваліся ў другой палове: калі на 73-ай хвіліне з пенальці ўжо вызначыліся госці – дакладна прабіў Керэм Дэмірбай.

А «Вольфсбург» выратаваўся ўжо ў даданы арбітрам час, калі Фэлікс Удуохай лік зраўняў – нічыя 1:1, а ў турнірнай табліцы клуб набраў толькі 9 балаў і перабывае на 14-ай пазіцыі.

«Гофэнгайм» у сваю чаргу займае чацвёрты радок і адстае ад «Ляйпцыгу», які замыкае тройку толькі на тры пункты. Лідарства пакуль захапілі два клубы, у якіх па 20 балаў: «Барусія» з Дортмунду і «Баварыя»

Хакей

Сталічнае «Дынама» адправілася ў свой чарговы выязны ваяж у КХЛ, які будзе складацца з чатырох матчаў. Першы прыпынак у Падольску, дзе сёння «зубры», які займаюць дзявяты радок на Захадзе, сустракаюцца з мясцовым «Віцязем», які ў гэтай жа канферэнцыі на 11-ай пазіцыі. Пра канчатковы вынік матчу ў нашых наступных спартовых навінах на «Белсаце».

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: kremlincup.ru