Агляд спартовых навінаў 21.11.2016


Баскетбол

У Адзінай лізе ВТБ паспяхова свой чарговы матч правялі менскія «Цмокі». У гасцях дружына Грышчука больш пераканальная за аўтсайдара турніру, пермскую «Парму», 67:61.

Гандбол

Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова закончыў свой выступ у першым коле групавога этапу гандбольнай Лігі чэмпіёнаў. На сваёй пляцоўцы «мяшкоўцы» мірам, 29:29, разышліся са славенскім «Цэле». Пасля гульні ў складзе БГК толькі лянівы не сказаў пару ласкавых словаў на адрас рэферы.

Тэніс

Пераможцам выніковага тэніснага турніру года, які скончыўся ў Лондане, упершыню ў сваёй кар’еры стаўся Эндзі Мары. Брытанец, лідар сусветнага рэйтынгу, у фінале нанёс паразу другой ракетцы планеты сербу Новаку Джокавічу 6: 3, 6:4.

Допінг

Цяжкаатлетка Ірына Кулеша вымушаная будзе развітацца са сваім бронзавым медалём, які яна заваявала на Алімпіядзе-2012 у Лондане ў вагавой катэгорыі да 75-ці кілаграмаў. У паўторным пераправяранні допінг-пробы ў арганізме нашай спартоўкі выявілі забароненыя рэчывы: турынабол і станазалол. Нагадаю, што на мінулым тыдні Міжнародны алімпійскі камітэт таксама з прычыны станоўчых паказнікаў на допінг ануляваў вынікі Кулешы на Алімпіядзе ў Пекіне, там яна заняла чацвёрты радок.

Фота: bc-tsmoki.by