Аб'ектыў 01.10.2017 Агляд спартовых навінаў


Гандбол

Пакуль ніяк не клеіцца гульня ў нашай нацыянальнай жаночай гандбольнай зборнай, якая ў адборачным турніры да чэмпіянату Еўропы зазнала ўжо другую запар паразу. У першым туры мы саступілі камандзе Нідэрландаў 21:33, а сёння не далі рады з Вугоршчынай і дома прагулялі 18:25.

Футбол

Цэнтральны матч 24-га туру футбольнага першынства краіны адбыўся сёння ў нашай сталіцы. На стадыёне «Трактар» менскае «Дынама» прымала барысаўскі БАТЭ. Лёс сустрэчы вырашыў толькі адзіны дакладны ўдар галавой пасля кутняга Станіслава Драгуна, дарэчы, былога гульца «бела-блакітных».

Калі сустракаюцца такія каманды, то цікавасць да матчу ўзрастае ў геаметрычнай прагрэсіі, тым больш, што ў турнірнай табліцы БАТЭ быў у ролі таго, хто даганяе. Пацверджанне таму афіцыйныя лічбы: на гэтым двубоі прысутнічалі крыху больш за 10 тыс. заўзятараў, што для нашага першынства неверагодная лічба. У выніку ў беларускім «класіко» мінімальная перамога БАТЭ, у якога цяпер 54 балы і другі радок турнірнай табліцы. У «Дынама» засталося 52 пункты, і яно апусцілася на трэцяе месца. Лідаруе па-ранейшаму салігорскі «Шахцёр», у якога 56 балаў, а сёння гарнякі на выездзе перамаглі «Слуцк» 2:0. Яшчэ ў адной сустрэчы «Тарпеда-БелАЗ» перамагло «Гарадзею» 3:2.

Скачкі на батуце

Адно золата і два срэбра – такі вынік выступу нашых спартоўцаў на этапе Кубка свету па скачках на батуце, які прайшоў у партугальскім Лале. На вышэйшую прыступку пʼедэстала ў сінхронных скачках узняліся Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў. У жаночых індывідуальных скачках у фінал прабіліся дзве беларускі: Таццяна Пятрэня заваявала срэбра ў Марыі Махарынскай чацвёртае месца. У мужчынаў Уладзіслаў Ганчароў заваяваў срэбраны медаль.

Глядзі таксама
Каментары