Агляд спартовых навінаў


Хакей

Менскаму «Дынама» ўдалося атрымаць другую перамогу ў чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі, гэтым разам хатнюю, над чэлябінскім «Трактарам», 3:0, закінуўшы па шайбе ў кожным перыядзе.

Футбол

Супергол Станіслава Драгуна, гол-прыгажун Паўла Савіцкага. Гэта толькі ў адным, 21-м туры чэмпіянату Беларусі па футболе ў найвышэйшай лізе.

Абодва вызначыліся ювелірнымі ўдарамі здалёк. Драгун у гульні БАТЭ з мазырскай «Славіяй», а Савіцкі ў двубоі «Нёмна» супраць магілёўскага «Дняпра». Але застаецца пытанне: чаму гэтыя гульцы нацыянальнай каманды нават не спрабуюць так трапна атакаваць брамы супернікаў у сустрэчах зборнай Беларусі, пакідаючы каларыт футболу толькі на ўнутраны чэмпіянат. «Нёман» вярнуўся на чацвёртае месца ў турнірнай табліцы. «Тарпеда-БелАЗ» не здолела абысці пяты «Слуцак». 22-гі тур, у якім сталічнае «Дынама», што лідаруе, прыме «Менск», «Шахцёр» згуляе ў Мазыры, а БАТЭ нанясе візіт клубу «Іслач», пройдзе з 16 да 18-га верасня.

Еўрапейскія гульні

«Крый Божа, я зноў распачну ўмешвацца і рабіць заўвагі, што піва павіннае быць беларускае і бульба павінная быць беларуская, бо лепшай у свеце няма. А таксама малочныя прадукты, якімі мы паўсвету забяспечваем. І, як толькі хтосьці возьмецца за імпарт, мы адразу будзем разглядаць пытанне наконт карупцыі», – зноў геапалітычна заявіў Лукашэнка аб уласным прадметным інтарэсе да Еўрапейскіх гульняў – 2019. Мы пацікавіліся, як менчукі ставяцца да тэмы правядзення ў Беларусі гэтага спартовага форуму.

Алесь Пуціла, «Белсат», фота: hcdinamo.by