Агляд спартовых навінаў


Мастацкая гімнастыка

У скарбонцы зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы з’явіўся першы медаль Чэмпіянату свету, які праходзіць у італьянскім Пэзаро. Уладальніцай срэбранай узнагароды стала наша Кацярына Галкіна, якая заняла другі радок у практыкаваннях з булавамі. Першынствавала тут расяянка Дзіна Аверына, бронза ў яе сястры Арыны. Яшчэ адна наша грацыя Аліна Гарнасько ў гэтым практыкаванні заняла сёмы радок. Сусветны форум працягнецца выступамі ў індывідуальным шматбор’і.

Футбол

Як жывем – гэтак і гуляем. Менавіта так можна ахарактарызаваць дзеянні нашай футбольнай зборнай у чарговым матчы кваліфікацыі да футбольнага чэмпіянату свету – 2018. Ігар Крывушэнка і кампанія на выездзе саступілі 1:0 не каму-небудзь, а зборнай Люксембургу, якая складаецца пераважна з гульцоў-аматараў.

Хакей

Хакейны клуб «Нёман» працягвае зазнаваць паразы ў гульнях Лігі чэмпіёнаў. Гэтым разам мы саступілі на выездзе швейцарскаму «Цугу». Асноўны час і оўвэртайм скончыліся ўнічыю, 2:2. А ў серыі пасляматчавых булітаў удача была на баку суперніка. Яшчэ ў адным матчы нашай групы фінскі клуб «Ювяскюля» перамог у гасцях аўстрыйскую каманду «Вена Кэпіталз» 3:1 і адзінаасобна ўзначаліў турнірную табліцу. «Нёман» пакуль на трэцім радку.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота Alessandro Squassoni