Агляд спартовых навінаў


Тэніс

Другі дзень спаборніцтваў на Адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе прынёс чарговую сенсацыю. Яго корты ў жаночым адзіночным разрадзе пасля стартавага кола пакідае ўжо шостая ракетка свету Анжэлік Кербэр. Немка амаль без барацьбы саступіла ў двух сэтах японцы Наомі Осака, якая ў рэйтынгу ВТА толькі на 45-ым радку. Раней міжсобку спартоўкі не сустракаліся.

У мужчынскім адзіночным разрадзе «US-OPEN» з няпростай перамогі стартаваў Роджэр Фэдэрар. Швейцарцу, трэцяму ў спісе АТП, спатрэбілася ажно 5 сэтаў, каб зламаць супраціў амерыканца Фрэнсіса Тыяфоў, які ў планетарным рэйтынгу толькі на 70-ым радку.

Хакей

Сталі вядомыя дні, у якія адбудуцца двубоі ½ фіналу хакейнага Кубка краіны, які носіць назву ў гонар загінулага капітана нацыянальнай зборнай Руслана Салея. Па выніках аднаколавага турніру, дзе 13 камандаў былі падзеленыя на дзве групы, вызначыліся 4 калектывы, якія працягнуць барацьбу за ганаровы трафей. У гэтым раўндзе клубы, якія занялі другія радкі, будуць прымаць апанентаў на сваім лёдзе. У выніку першыя матчы пройдуць 19-га верасня, а ў іх сустрэнуцца «Юнацтва» і «Нёман», а таксама «Гомель» і «Дынама-Маладзечна». Затым каманды памяняюцца пляцоўкамі і ўжо 26-га верасня правядуць другія двубоі ў супрацьстаянні.

Роварныя гонкі

28-гадовы італьянец Матэо Трэнтын з каманды «Quick Step Floors» зрабіў дубль, выгуляўшы дзясяты этап шматдзённай роварнай гонкі «Вуэльта» з адрыву, у той час як на чацвёртым этапе ён перамог у спрынце. Гэта 14-ая вікторыя рэйсэра на этапах Гран-туру ў сёлетнім сезоне. Другім тут фінішаваў прадстаўнік каманды «Movie Starr» Хасэ Рохас, замкнуў першую тройку яшчэ адзін прадстаўнік Пірэнэяў Джэймі Росан. Дзякуючы гэтай перамозе Матээ Трэнтын узначаліў агульную класіфікацыю «Вуэльты», адабраўшы зялёную майку лідара ў Крыса Фрума са «Sky».

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Mike Segar / Reuetrs / Forum