Агляд спартовых навінаў 17.12.2016


ЗОЛАТА КУШНІРА

Антон Кушнір перамог у першым этапе Кубка свету па фрыстайле, што адбыўся ў Кітаі. Беларус у фінале набраў 115 цэлых і 5 сотых балу, апярэдзіўшы двух моцных спартоўцаў з Паднябеснай – Ці Гуан Пу і Хан Чжоў. У 10-ку найлепшых трапіў яшчэ наш адзін суайчыннік Максім Гусцік – ён шосты. Сярод прыгожай паловы не было роўных у скачках гаспадыні турніру Сю Мэн Таў, нашая Ганна Гуськова размясцілася на пятым радку.

ВЫНІКІ ТУРУ НХЛ

Чарговы тур згулялі ў НХЛ. У адзінай сустрэчы гульнявога дня для выяўлення пераможцы дайшло да пасляматчавых булітаў. «Ўошынгтан» на выездзе даціснуў апанента ў выглядзе «Каралайны» 4: 3. Яшчэ два двубоі скончыліся толькі ў оўвэртайме: «Айлэндэрз» у гасцях зазнаў паразу ад «Бафала» 2: 3. Працягвае ліхаманіць лідара турнірнае табліцы Усходняй канферэнцыі «Пітсбург», які ўдома нечакана саступіў з мінімальнымі 0:1 «Лос-Анджэлесу».

ФІНАЛІСТЫ ТУРНІРУ

Зборная Беларусі з буйной перамогі стартавала на турніры «Чатырох нацыяў», які праходзіць у Швейцарыі. Мы ў паўфінальным двубоі паздзекаваліся са Славаччыны, разграміўшы яе 7:1. Адзначу, што раней нашая каманда ніколі не перамагала апанента з розніцаю больш як дзве шайбы. У другім матчы ½ гаспадары выгулялі ў Францыі 1:0. Сёння а 22:15 беларусы і швейцарцы ў фінале аспрэчаць пераможцу турніру.

ЗС, «Белсат»