Агляд спартовых навінаў


Футбол

Футбольны клуб найвышэйшай лігі нашага футбольнага першынства «Крумкачы» пачаў збор сродкаў праз краўдфандынг. На сённяшняй прэсавай канферэнцыі старшыня клубу Дзяніс Шунто паведаміў, што фінансавы стан каманды вельмі складаны. Калі «Крумкачы» не збяруць неабходную суму, клуб будзе вымушаны зняцца з чэмпіянату, а, значыць, як было раней з іншымі камандамі, – сысці ў нябыт. Цяпер клуб у турнірнай табліцы пасля 19-ці тураў займае 12-ты радок.

Роварныя гонкі

Італьянскі спрынтар Матэа Трэнтын з каманды «Кўік-Стэп Флурс» стаў пераможцам чацвёртага этапу шматдзёнай роварнай гонкі «Вуэльта». У чацвёрты дзень гранд-туру пелатон вярнуўся на тэрыторыю Іспаніі, якую не пакіне аж да заключнага этапу ў Мадрыдзе. Стартавалі раварысты ў Андоры і неўзабаве апынуліся ў Каталоніі, якую перасеклі з поўначы на поўдзень. Маршрут да Тарагорны склаў 198 кіламетраў. У генеральнай класіфікацыі лідаруе Крыс Фрум, за ім іспанец Давід дэ ля Крус ды ірландзец Нікалас Роўч

Аўтагонкі

Рэйсэр «Формулы 1» Стофэл Вандоорнэ застанецца ў камандзе «Маклэрэн» і на наступны сезон. Бельгіец захавае за сабою месца аднаго з пілотаў брытанскай каманды. Нягледзячы на тое, што ў Вандоорнэ быў доўгатэрміновы кантракт, не было ніякіх гарантыяў, што ён і надалей будзе ганяцца за «Маклаэрэн». У сёлетнім чэмпіянаце ягоныя паказнікі вельмі дрэнныя: ён набраў толькі адзін бал і займае 18-ты радок агульнага заліку з 23-ох пілотаў. Не нашмат лепшыя справы і ў ягонага напарніка Фэрнанда Алёнса, які месціцца на 15-ай пазіцыі. Наступны этап каралеўскіх гонак пройдзе на радзіме Стофэла на трасе Спа, а адбудзецца Гран-пры Бельгіі 27-га жніўня.

Дзмітрый Сухановіч,«Белсат», фота: Юля Рапіская / krumka.by